Англійская прэм'ер-ліга вяртаецца на "Беларусь 5"

Англійская прэм'ер-ліга вяртаецца на "Беларусь 5" 10.08.2017

Прэс-рэліз

Беларускія аматары футбола змогуць назіраць за гульнямі наймацнейшых клубаў англійскага чэмпіянату. З 11 жніўня тэлеканал "Беларусь 5" пачне трансляцыі матчаў новага сезона Англійскай прэм'ер-лігі.

Белтэлерадыёкампанія набыла правы на паказ галоўнага футбольнага турніру Туманнага Альбіёна. Па шматлікіх просьбах тэлегледачоў "Беларусь 5" пакажа самыя яркія матчы кожнага тура чэмпіянату Англіі па футболе. Апошні раз спартыўны тэлеканал так пільна сачыў за сезонам АПЛ 2015/2016, у якім феерычна перамог футбольны клуб "Лестэр".

Першым матчам сезона 2017/2018, які з'явіцца ў эфіры "Беларусь 5", стане супрацьстаянне таго ж "Лестэра", але ўжо без Клаўдыа Раньеры на трэнерскім мастку, і новаспечанага ўладальніка Суперкубка Англіі - лонданскага "Арсенала". Пачатак прамой трансляцыі - 11 жніўня ў 21:45.

12 жніўня ў 14:25 працягне футбольнае свята на тэлеканале "Беларусь 5" прамы эфір чарговага матча першага тура АПЛ паміж "Уотфардам" і "Ліверпулем".

13 жніўня ў новым сезоне стартуюць "Манчэстэр Юнайтэд" і "Вест Хэм", за гульнёй якіх можна будзе сачыць у прамым эфіры на спартыўным тэлеканале ў 17:55.

Нагадаем, у перапынках матчаў балельшчыкам не варта пераключацца, бо лепшыя моманты першага тайма ў студыі "Спорт-цэнтр" разам з вядучымі і каментатарамі "Беларусь 5" прааналізуюць запрошаныя госці з ліку футбольных спецыялістаў, трэнераў, былых і дзеючых гульцоў. Таксама ў перапынках можна будзе пачуць пра апошнія гарачыя навіны са свету спорту.

"Беларусь 5" запрашае ўсіх аматараў гульні нумар адзін сачыць за матчамі зорак першай велічыні ў рамках Англійскай прэм'ер-лігі.