Акцыя "Радыёдзень "Жніво-ONLINE" на Першым нацыянальным канале

Акцыя "Радыёдзень "Жніво-ONLINE" на Першым нацыянальным канале 14.08.2017

Прэс-рэліз

15 жніўня Першы нацыянальны канал Беларускага радыё арганізуе тэматычны радыёдзень, прысвечаны ўборачнай кампаніі - 2017. Радыёжурналісты будуць знаёміць слухачоў з галоўнымі героямі гэтых гарачых дзён - камбайнерамі, сустрэнуцца з іх сем'ямі і, вядома, прымуць непасрэдны ўдзел ва ўборцы ўраджаю.

Рэпарцёры пабываюць на зернетаках, куды паступае ўраджай-2017, зазірнуць на палявыя кухні і разам з поварамі прыгатуюць смачныя абеды для механізатараў. Пагутараць са спецыялістамі гаспадарак і даведаюцца, як у няпростых умовах надвор’я ўдаецца захоўваць добры ўраджай.

Удзельнікамі акцыі стануць і ўсе слухачы Першага канала радыё: на працягу эфірнага дня ў выпусках "Навін", пачынаючы ўжо з 5 раніцы і да позняга вечара, будуць весціся рэпартажы ў рэжыме рэальнага часу з усіх абласцей краіны. У прамых уключэннях журналісты распавядуць пра свае ўражанні, падзеляцца самай аператыўнай інфармацыяй з месцаў.

У праграмах "Радыёфакт", "Раніца з Беларускім радыё", "Такі дзень", "Пастфактум", "Нясумны перапынак" і іншых будуць гучаць тэматычныя радыёсюжэты.

Увечары ў радыёэфіры плануецца прамое ўключэнне з дажынак у адным з раёнаў Мінскай вобласці, падчас якіх будуць ушаноўвацца пераможцы гарачай пары. Так, напрыклад, выязная радыёстудыя арганізуецца на палях Клецкага раёна Мінскай вобласці.

Рыхтуюцца і спецыяльныя выпускі шэрагу радыёпраектаў. Праграма "Для тых, хто дома" распавядзе пра сямейныя дынастыі хлебаробаў, "Дзелавы радыёпартал" і "Актуальны мікрафон" прааналізуюць сітуацыю на сусветным рынку харчавання і абмяркуюць пытанні гарантавання нацыянальнай харчовай бяспекі і перспектывы пашырэння экспарту беларускай прадукцыі.

У праграме "Вітаем, віншуем, жадаем!" прагучаць прывітанні і віншаванні героям жніва ад калег і аднавяскоўцаў.

За акцыяй можна будзе сачыць таксама на сайце Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё - www.radio1.by, на афіцыйных старонках у сацыяльных сетках і на відэахостынгу YouTube.