Ад Нью-Ёрка да Сіднея "Гукае ласкай родны край!"

Ад Нью-Ёрка да Сіднея "Гукае ласкай родны край!" 20.10.2017

Прэс-рэліз

Акцыя, якая стартавала па ініцыятыве міжнароднага радыё "Беларусь" 1 верасня, ахоплівае новыя кантыненты. Анлайн-прывітанні сваёй малой радзіме дасылаюць беларусы замежжа з розных краін: Расіі, Польшчы, Германіі, Грузіі, Італіі, Грэцыі, Аўстраліі і ЗША.

"Я вельмі люблю беларускую кухню. Калі да мяне прыязджае мая беларуская бабуля, мы заўсёды разам пячэм дранікі або пышныя аладкі. Тады мае сябры адкладваюць свае справы і прыходзяць да нас у госці. Спадзяюся на хуткую сустрэчу ў Беларусі", - піша Гвенда Штрахэ з Берліна.

Нечаканай для рэдакцыі радыё "Беларусь" стала вестка ад інтэрнацыянальнай сям'і Іны Бісоўл з далёкай Аўстраліі.

Для беларускі Іны Дземянец другім домам стаў горад Каламата на поўдні Грэцыі, але ў сэрцы назаўжды застаўся родны Пінск.

Іркуцкі беларус Алег Рудакоў падзяліўся кур'ёзнымі выпадкамі з дзяцінства, якое прайшло ў Полацку.

Слухач радыё "Беларусь" Юрый Шульгевіч родам з Мінска, але зараз вучыцца і працуе ў нямецкім горадзе Манхайм: "Невядома, як складзецца лёс далей, але лічу свой вопыт вельмі карысным. Адукацыя на замежнай мове паказвае ўжо знаёмыя рэчы зусім з іншых бакоў. Менавіта гэта і падштурхнула мяне змяніць маё стаўленне да беларускай культуры, мовы, гісторыі і, уласна, да самой Беларусі - месца, дзе я нарадзіўся, і куды заўсёды цягне. У мяне з'явілася хобі - вывучэнне беларускай мовы. Жывучы не ў Беларусі, я стаў больш выразна разумець словы: "Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць".

З дапамогай міжнароднага радыё аб сваіх гістарычных каранях з задавальненнем распавялі вядомыя беларусы. Салістка оперы Вікторыя Курбацкая, якая жыве ў Нью-Ёрку, з любоўю успамінае калегаў і салістаў беларускай нацыянальнай оперы. Акцыя "Гукае ласкай родны край!" дала ёй магчымасць звярнуцца да сяброў, калег і запрасіць іх на фэст Forte International Music Competition and Festivals, прэзідэнтам якога яна з'яўляецца.

Тым часам акцыя "Гукае ласкай родны край!" працягвае прымаць паведамленні, якія актывізуюць сувязі беларусаў замежжа з гістарычнай радзімай. Перадаць анлайн-прывітанне могуць усе, хто мае беларускія карані. Гэта можна зрабіць у любым месцы зямнога шара, калі зайсці на афіцыйны сайт міжнароднага радыё "Беларусь" radiobelarus.by і запоўніць спецыяльную форму. Таксама фота- і відэаматэрыялы, ліст або ўспаміны можна адправіць на электронны адрас hellobelarus@gmail.com.

Усе анлайн-прывітанні размяшчаюцца на сайце міжнароднага радыё, а самыя актыўныя і крэатыўныя ўдзельнікі акцыі "Гукае ласкай родны край!" атрымаюць памятныя прызы.

Для прыцягнення ўвагі да акцыі радыё "Беларусь" выкарыстоўвае інфармацыйныя рэсурсы на 9 мовах: афіцыйны сайт, спадарожнікавае і FМ-вяшчанне, старонкі канала ў сацыяльных сетках Facebook і WeChat. Для наладжвання цесных кантактаў з беларускімі дыяспарамі за мяжой таксама задзейнічаныя рэсурсы Міністэрства замежных спраў Беларусі.