Аб падпісанні пагаднення з агенцтвам "Хабар"

Аб падпісанні пагаднення з агенцтвам "Хабар" 15.08.2017

Інфармацыйнае паведамленне

У рамках дзелавога візіту ў Астану і ўдзелу прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый у выставе "ЭКСПО" адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Рэспублікі Беларусь і казахстанскім агенцтвам "Хабар".

Агенцтва "Хабар" - гэта тэлесям’я чатырох каналаў, якія вяшчаюць на казахскай, рускай і англійскай мовах, найбуйнейшы холдынг электронных СМІ Казахстана.

У перамовах і цырымоніі падпісання пагаднення прынялі ўдзел Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька і Старшыня праўлення АТ "Агенцтва "Хабар" Алмагуль Ахметжанава.

Пагадненне ў галіне тэлерадыёвяшчання прадугледжвае стварэнне спрыяльных умоў для абмену інфармацыйнымі паведамленнямі і матэрыяламі, абмен вопытам, забеспячэнне тэлерадыёвяшчання на тэрыторыі дзвюх краін, узаемадапамогу ў арганізацыі здымак як на тэрыторыі Беларусі, так і Казахстана.

"У першую чаргу прамое двухбаковае супрацоўніцтва адкрывае магчымасць атрымання інфармацыі аб нашай краіне замежнай аўдыторыі гледачоў, у прыватнасці, выхад у медыяпрастору Казахстана", - адзначыла галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі міжнародных сувязяў медыяхолдынга Ларыса Цяліца.

Дарэчы, тэлекампаніі аб'ядноўвае членства ў такіх міжнародных саюзах вяшчальнікаў, як Еўрапейскі Вяшчальны Саюз і Азіяцка-Ціхаакіянскі Вяшчальны Саюз.