7 верасня "Беларусь 5" пакажа фільм "Салей, якога мы не ведалі"

7 верасня "Беларусь 5" пакажа фільм "Салей, якога мы не ведалі" 07.09.2017

Інфармацыйнае паведамленне

7 верасня спартыўны тэлеканал медыяхолдынга пакажа хранікальна-дакументальны фільм "Салей, якога мы не ведалі", прымеркаваны да шостых угодкаў гібелі хакейнага клуба "Лакаматыў" пры крушэнні самалёта Як-42 пад Яраслаўлем.

7 верасня чорная дата для аматараў хакея. Менавіта ў гэты дзень балельшчыкі штогод аддаюць даніну памяці яраслаўскаму хакейнаму клубу "Лакаматыў", які загінуў у 2011 годзе пры крушэнні самалёта Як-42. Спартсмены ляцелі ў Мінск на першы матч сезона КХЛ. Усяго ў авіякатастрофе загінулі 43 чалавекі, сярод якіх тры беларусы: Сяргей Астапчук, Мікалай Крываносаў і Руслан Салей.

У гадавіну трагедыі тэлеканал "Беларусь 5" пакажа хранікальна-дакументальны фільм "Салей, якога мы не ведалі". Пачатак у 21:15.

Фільм раскажа пра жыццёвы шлях - з нараджэння і да апошніх дзён - легендарнага капітана зборнай Беларусі, самага паспяховага беларускага гульца ў наймацнейшай лізе свету - НХЛ - Руслана Салея. Аўтар фільма Ганна Эйсмант сустрэлася з сям'ёй загінуўшага хакеіста. Пра дзяцінства Руслана распавядуць яго мама Тамара Гаўрылаўна і сястра Анжэла, якім Руслан быў мужам і бацькам успомніць удава Салея Бэтан. У фільме выкарыстаныя эксклюзіўныя кадры з сямейнага архіва сям'і Салей, многія з якіх асабіста знятыя Русланам, успаміны сяброў і калег нашага вялікага хакеіста.

Перад фільмам, у 20:45, на "Беларусь 5" выйдзе свежы выпуск праекта "Авертайм". Галоўныя тэмы праграмы: вынікі гульняў "Нёмана" ў хакейнай Лізе чэмпіёнаў, перспектывы ў "Дынама" ў КХЛ, а таксама старт беларускай Экстралігі.