Любіць Беларусь!

У Мінску стартавала рэспубліканская акцыя “Любіць Беларусь!”

27 жніўня ансамбль народнай музыкі “Бяседа” Белтэлерадыёкампаніі рушыў у тур “Любіць Беларусь!”. Усё пачалося з анлайн-канферэнцыі, а потым ля Дома радыё адбыліся святочныя праводзіны калектыву ў падарожжа па гарадах краіны.

Падчас анлайн-канферэнцыі ў студыю завіталі салістка “Бяседы” Таццяна Лазоўская і намеснік старшыні Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Аляксандр Шацько. Госці расказвалі, як нарадзілася ідэя акцыі і ў чым яе асаблівасць:

- Супрацоўніцтва з тэлеканалам “Беларусь 3” пачалося яшчэ з хіт-парада “100 песень для Беларусі”, - адзначыў Аляксандр Віктаравіч. - “Белая Русь” не першы раз звяртаецца да гісторыі краіны, яе традыцый, самабытнасці і культуры. І наша акцыя з выдатным і вядомым калектывам “Бяседа” адна з самых магутных.

Таццяна Мікалаеўна распавяла пра беларускую культуру і аўтэнтычны фальклор:

- Калі я была студэнткай Універсітэта культуры, мы ладзілі экспедыцыі ў глыбінку Брэсцкай, Гомельскай вобласці. Тамашнія бабулі і дзядулі спявалі нам такія прыгожыя песні! Выконваць аўтэнтычныя кампазіцыі - сапраўдная асалода. Наш рэпертуар аўтарскі, з ядром беларускай народнай музыкі, але мы ў “Бяседзе” стараемся наблізіцца да сучаснага слухача.

Прэс-мерапрыемства ля Дома радыё ператварылася ў сапраўдны міні-канцэрт “Бяседы”. Словы падтрымкі перад вялікім турам гаварылі многія, у тым ліку - намеснік генеральнага прадзюсара Белтэлерадыёкампаніі Ганна Ялфімава:

- Здаецца, той ажыятаж, які зараз існуе вакол акцыі ў інтэрнэце, кажа пра многае. Поспехаў вам і ўдзячных слухачоў!

Мастацкі кіраўнік ансамбля “Бяседа”, народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны адзначыў:

- Для нас акцыя “Любіць Беларусь!” - гэта, перш за ўсё, сустрэча з любімымі слухачамі. З тымі, хто шчыра любіць беларускую народную музыку. У праграме ёсць і добра вядомыя хіты, і новыя песні. Я ўпэўнены, што пасля тура ў нас з’явіцца яшчэ больш сяброў па ўсёй краіне.

Аляксандр Шацько пажадаў ансамблю добрага надвор’я на працягу ўсяго падарожжа і на ўсякі выпадак уручыў кожнаму артысту парасон. Намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала “Беларусь 3” Сяргей Макарэй раскрыў адзін з падарункаў і сказаў: “У добры шлях, “Бяседа”!”.

Першае выступленне тура адбудзецца 2 верасня ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў.

Бяседа

online3.JPG

online2.JPG