Любіць Беларусь!

“Беларусь 3” завяршае маштабную акцыю “Любіць Беларусь!”

Тэлеканал “Беларусь 3” сумесна з Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь” і заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь
ансамблем народнай музыкі “Бяседа” Белтэлерадыёкампаніі завяршыў выступленні ў абласцях і рыхтуецца да фінальнага гала-канцэрта ў Мінску.

8 кастрычніка ў Доме радыё адбылася прэс-канферэнцыя па выніках акцыі. Нават не верыцца, што гэта вялікае падарожжа набліжаецца да святочнага фіналу ў Палацы Рэспублікі. У верасні калектыў праехаў амаль 5 тысяч кіламетраў. Канцэртную праграму ўбачылі 14 тысяч гледачоў па ўсёй краіне. Напрыканцы гастроляў “Бяседа” завітала ў Брэсцкую вобласць: фінальныя акорды прагучалі ў Баранавічах, Брэсце і Століне.

Канцэртаў было зашмат, але мы на эмацыянальным уздыме, - падзялілася думкамі салістка ансамбля заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Святлана Суседчык.

У саставе калектыву ёсць прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны. Таму “Бяседа” з задавальненнем завітала ў беларускія куточкі і любыя сэрцу гарады. Было шмат цікавых гісторый. Напрыклад, у Пастаўскім раёне выступленне было запланавана толькі ў аграгарадке Юнькі, але Паставы самі выступілі ініцыятарам: калі ўбачылі назву свайго горада ў анонсе на тэлеканале “Беларусь 3”, яны нават пачалі прадаваць білеты на канцэрт! Намеснік старшыні Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Аляксандр Шацько распавёў пра тое, як трошкі пакрыўджаныя жыхары некаторых гарадоў тэлефанавалі яму з пытаннем: “А чаму “Бяседа” не выступае ў нас?”. Абавязкова выступіць!

Арганізатары рабілі ўсё, каб музыкантам было камфортна падчас вандроўкі.

Мы яшчэ раз паглядзелі, якая ж прыгожая ў нас краіна і цудоўныя людзі. Мы бачылі іх вочы на гэтых канцэртах. Вялікі дзякуй “Бяседзе” за майстэрства і мастацтва. Беларусь ведаюць і любяць, у тым ліку, дзякуючы гэтаму калектыву, - казалі галоўны дырэктар тэлеканала “Беларусь 3” Віктар Маючы і яго намеснік Сяргей Макарэй.

Мастацкі кіраўнік ансамбля, народны артыст Беларусі Леанід Захлеўныадзначыў, што гледачы часта падыходзілі да яго пасля канцэртаў і прапанавалі свае вершы і музыку. Хто ведае, мабыць, у наступным годзе ў рэпертуары “Бяседы” з’явіцца Столінская мясцовая полька?

Удзел у акцыі яшчэ раз пацвердзіў, што нас усюды чакаюць і любяць. Перапоўненыя залы, прыстаўныя крэслы, кветкі, аўтографы, журналісты - усё гэта кажа аб вялікай папулярнасці нашага калектыву, -  дадаў Захлеўны.

Гастрольны тур амаль скончаны, але мы не развітваемся. Тэлеканал “Беларусь 3” рыхтуе новыя праекты, канцэрты і падарожжы. Сустрэнемся 10 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі!

Untitled-1.jpg


Untitled-2.jpg


Untitled-3.jpg