Онлайн-конференция

Вопрос от 23.12.2015 10:33:31

У Касцёле ёсць такая практыка - правядзенне юбілейных гадоў. Яна існуе з 1300 году. Спачатку гэтыя юбілейныя гады праводзіліся кожныя сто гадоў, потым - кожныя 25 гадоў, каб кожнае пакаленне магло прыняць удзел. Практыка юбілейных гадоў вядзецца яшчэ са Старога Запавета, калі кожныя 50 гадоў такія юбілеі праводзіліся, на якія дараваліся даўгі, вязняў выпускалі на волю і г.д. Божую ласку людзі атрымлівалі. Тут таксама Божая ласка, якая неабходна нам для збаўлення. І найперш ласка адпушчэння грахоў. 

Апошні юбілейны год быў 2000 - год вялікага юбілею. Наступны павінен быў быць у 2025 годзе. У гэтым правіле правядзення юбілейных гадоў сказана, што Папа можа прыняць рашэнне ў залежнасці ад абставінаў, у якіх знаходзіцца Касцёл ці свет, правесці пазачарговы юбілейны год. Мы бачым, колькі сёння канфліктаў у свеце, не трэба далёка хадзіць, Украіна пад бокам. Дзякуй мінскім пагадненням, трохі цішэй стала. Мы бачым тэрарыстычныя акты ў Францыі, у многіх краінах свету. Мы бачым сацыяльную несправядлівасць, колькі бедных, колькі сем'яў распадаецца. Усе шукаюць выйсце, як вырашыць гэтыя праблемы. Тут трэба звярнуцца да слоў святога Іаана Паўла другога: "Адзіная надзея сучаснага свету - Божая міласэрнасць". І Папа Францішак абвяшчае гэты год Годам Божай Міласэрнасці. Гэта ідэя Папы. Бог - міласэрны. Міласэрнасць - гэта адна з галоўных адметнасцяў Бога. Бог прыйшоў да чалавека, Бог прыйшоў на Крыж, аддаў сваё жыццё за збаўленне чалавецтва. 

8 снежня 2015 года Папа распачаў гэты юбілейны год адкрыццём Дзвярэй міласэрнасці ў базіліцы Святога Пятра, а 13 снежня такія брамы міласэрнасці былі адчыненыя ва ўсіх катэдральных касцёлах свету. У нас гэта Мінская катэдра, Магілёўская катэдра, Будслаўскі санктуарый. Напэўна, многія думаюць: вось, праз брамы міласэрнасці перайшоў, і я атрымаю адразу адпусту. Так не бывае. Споведзі, камунія, памаліцца, мець намер больш не грашыць. Далей нам трэба дапамагчы іншым людзям. Мы памятаем, што трэба дапамагчы матэрыяльна, і таксама трэба дапамагчы і духоўна чалавеку. Бо вельмі многа людзей заблудзіўшыхся. Людзі ў нашых вачах павінны ўбачыць позірк міласэрнага Айца. І калі яны ўбачаць гэта, яны, напэўна, змогуць змяніць сваё жыццё. 

Мы бачым, што абвяшчэнне Года Міласэрнасці стала выстралам Папы ў дзясятку. На адкрыцці мы раздалі ў Мінскай катэдры 4 000 абразкоў. Вельмі многа людзей прыйшло. Чаго яны прыйшлі? Ім ніхто не казаў туды ісці. Яны самі прыйшлі. Адчуваюць гэтую патрэбнасць. Сёння вельмі многа людзей ідзе на споведзь. Многа людзей адчувае патрэбу ў Божай міласэрнасці.