Онлайн-конференция

Вопрос от 22.12.2015 17:37:11

Сапраўды, у катэдры кожны год праводзіцца малітва аб еднасці хрысціянаў. Яна праводзіцца ў суботу Тыдня малітваў аб еднасці хрысціянаў, які адбываецца ва ўсім свеце з 18 па 25 студзеня. Сёлета гэта будзе 23 студзеня. Я запрашаю розныя хрысціянскія канфесіі, яны прыходзяць, мы ўсе разам молімся. Усе ўдзячныя, таму што мы можам разам сабрацца, можам паразмаўляць у той дзень. Прыходзяць вернікі не толькі Каталіцкага касцёла, але і іншых веравызнанняў. Яны таксама задаволеныя тым, што бачаць нас разам. Напэўна, для нашай краіны такое быццё разам, асабліва Каталіцкага касцёла і Праваслаўнай царквы, - гэта вялікі дар, наша вялікае багацце, якое мы павінны захаваць. 

Іаан Павал Другі любіў казаць, што Еўропа павінна ўдыхаць двума лёгкімі. Што ён меў на ўвазе, кажучы слова "лёгкія"? Ён меў на ўвазе ўсходняе і заходняе хрысціянства. У нас два лёгкія. І яны павінны працаваць, як гэта адбываецца ў здаровым арганізме. Я заўсёды кажу людзям: "Прыедзьце да нас у Мінск, прыйдзіце да нашай катэдрыі, з іншага боку ўбачыце праваслаўную". Мы на адной вуліцы, мы жывем побач і дапамагаем адзін аднаму. Мы ходзім на набажэнствы, мы разам молімся. 

Напрыклад, Святлана Алексіевіч атрымала ўзнагароду Нобеля. Я быў у Рыме ў той час, у Сінодзе. Я папрасіў слова і сказаў: "Толькі што даведаўся, што прадстаўніца Беларусі атрымала Нобеля". Сінод успрыняў гэта апладысментамі, о, якая радасць была! Я таксама яе павіншаваў. 

У нас ёсць многа праектаў у галіне дабрачыннасці. Мы ведаем, што наркаманія, алкагалізм сёння вялікая праблема і спрабуем супрацьстаяць ёй разам. Таксама мы прымаем удзел у сумесных канферэнцыях, напрыклад, прысвечаных сям'і. Нават калі іх арганізуе Праваслаўная царква, запрашаюць нас. Ёсць праваслаўныя спецыялісты, іх погляд, а ёсць погляд Каталіцкага касцёла. І разам можна шукаць, якім чынам мы гэта ўсё можам адаптаваць у нашых абставінах. Ведаеце, што ў некаторых абартарыях у Мінску, Магілёве і іншых гарадах сёння ёсць кансультатыўныя пункты, дзе па чарзе прысутнічаюць каталіцкі ці праваслаўны святар і размаўляюць з тымі жанчынамі, якія прыходзяць у гэтую клініку. І мы многа ўжо ўратавалі ненароджаных дзяцей. Гэта таксама ёсць добрае супрацоўніцтва, і дай Бог, каб яно развівалася. Я спадзяюся, што так будзе, бо ў гэтым усе зацікаўленыя. Напэўна, Беларусь можа быць прыкладам не толькі міжхрысціянскіх, але і міжрэлігійных адносін, бо добрыя адносіны ў нас і з мусульманамі, і з габрэямі.