Онлайн-конференция

Вопрос от 06.07.2016 16:48:01

Сапраўды, гэтых персанажаў мы не знойдзем ні ў адной славянскай міфалогіі, больш за тое, мы іх не знойдзем і ў беларускай міфалогіі. Іх няма. Яшчэ раз хацелася б звярнуцца да асобы Паўла Шпілеўскага - усе гэтыя персанажы з'явіліся дзякуючы Паўлу Шпілеўскаму, які пісаў пад псеўданімам Драўлянскі. І з сярэдзіны XIX стагоддзя амаль кожная кніга па міфалогіі паўтарае гэтых персанажаў, хаця яшчэ сучаснікі Шпілеўскага, напрыклад, вядомы лінгвіст Насовіч, пісаў, што Шпілеўскі прыдумаў, няма такіх персанажаў. І з часоў Шпілеўскага ніводны персанаж не быў зафіксаваны этнографамі, таму гэта прыклад так званай кабінетнай міфалогіі. І гэта настолькі ўдалы прыклад, што ён стаў класічным, акадэмічным і дагэтуль сапраўды вывучаецца ў школах. Пра асобу Шпілеўскага скажу, што гэта фальсіфікатар, але настолькі таленавіты, настолькі добра ведаў народныя традыці, што здолеў зрабіць гэты фальсіфікат вельмі набліжаным да народнай культуры. Адкуль з'явіліся гэтыя імёны? Ён проста браў некаторыя дыялектныя словы, дапрацоўваў, браў рэальныя вобразы, якія ведала беларуская міфалогія. Вось як Зюзя з'явіўся? Насамрэч ёсць слова "зюзя", яно было звязана з тэрмінам "змерзнуць", а персанажа такога не было. Быў такі персанаж Мароз, Дзед Мароз. Дзед Мароз - гэта цалкам міфалагічны беларускі персанаж. Шпілеўскі ўзяў гэты вобраз Мароза, дадаў некаторыя акалічнасці, як тое, што ён трымаў булаву ў руцэ, хадзіў босы, і прыдумаў яму імя Зюзя, а ўсё астатняе проста спісаў з гэтага Мароза. Менавіта самога персанажа Зюзі не было, як і тых іншых.