Онлайн-конференция

Вопрос от 06.07.2016 16:46:20

Дзякую за пытанне. Свята Ляльнік згадваецца, але ёсць пэўныя пытанні да гэтага святкавання, ці было яно сапраўды. Самае класічнае апісанне пакінуў Павел Шпілеўскі, які жыў у сярэдзіне XIX стагоддзя. Ён шмат напісаў пра святы, дахрысціянскія ўяўленні, вобразы багоў, але даследчыкі адзначаюць, што шмат чаго Шпілеўскі прыдумаў. Ён браў сапраўдныя народныя святы, вобразы, але шмат дадумваў. Чытаецца гэта цікава, захапляльна. Узгадвае Шпілеўскі і Ляльнік. Адкуль узнік гэты вобраз? Ёсць веснавыя спевы, дзе пасля кожнага радка згадваецца Ляля, Лёля, Леля, Лада. У XVII стагоддзі многія аўтары пачыналі з гэтых спеўных рэфрэнаў выводзіць вобразы нейкіх міфалагічных персанажаў. Так з'явілася багіня Лада, Ляля. Адкуль Ляльнік? Была такая багіня Ляля, якая была апякункай маладых дзяўчат. Паўтаруся, што сучасныя даследчыкі ставяць пад сумненне, што такі персанаж існаваў, што такое свята было. Але ж Шпілеўскі апісанне ўзяў не з паветра, ён грунтаваўся на рэальным святкаванні.  Гэтыя звычаі былі вядомыя як падчас веснавых святаў, так і на Купалле, таму мы можам два пытанні аб'яднаць. Была такая працэдура: выбіралася нейкая дзяўчына, разам з незамужнімі сяброўкамі яны ішлі ў лес, завівалі вянкі, вадзілі карагоды вакол гэтай дзяўчыны і спявалі. Пасля абраная дзяўчына раздавала вянкі і ў залежнасці ад таго, як гэты вянок выглядае, рабілася варажба пра далейшы лёс. Хацелася б падкрэсліць, што выбіралася не самая прыгожая, былі іншыя параметры, кшталту таго, хто самы актыўны ці ў каго самая доўгая каса. Розныя былі чыннікі. Падобным чынам выбіралася Вясна, калі гукалі вясну, таксама выбіралі дзяўчыну, якая ўвасабляла сабой вясну. Вакол гэтай дзяўчыны таксама вадзілі карагоды, яе ўшаноўвалі таксама, нібыта яна яе прынесла. Такім чынам на Купалле выбіралі Русалку. Упрыгожвалі яе раслінамі, кветкамі. Які яшчэ быў фактар, каб абраць дзяўчыну? Напрыклад, на Гомельшчыне этнограф Еўдакім Раманаў зафіксаваў, што выбіралі найсмялейшую дзяўчыну. У многіх рэгіёнах дзяўчыну, якая выконвала ролю Купалкі, распраналі цалкам і ўпрыгожвалі кветкамі. Не ў кожнай дзяўчыны будзе смеласць на гэта. Яе цалкам хавалі ў зеляніне, але пасля гэта зеляніна разрывалася, і гэтую зеляніну людзі забіралі з сабой, яна лічылася абярэгам у гаспадарцы, а дзяўчыну бачылі голай усе, таму выбіралася найсмялейшая.