Онлайн-конференция

Вопрос от 06.07.2016 16:44:39

Ёсць такія песні - так званыя брахлівыя, жартаўлівыя. Я б не сказаў, што гэта негатыўныя песні. Сапраўды, ёсць такія групы песень, дзе мы можам назіраць жартаўлівыя спаборніцтвы, па-першае, паміж жыхарамі розных вёсак, па-другое, паміж дзяўчатамі і хлопцамі. Давайце пачну з дзяўчат і хлопцаў. Ёсць шмат такіх песень. Я, можа, зараз не буду пералічваць, але ў іх галоўны які сэнс? Сучасны чалавек паглядзіць на гэтыя песні, можа падумаць: "Нешта людзі там сварацца, лаюцца паміж сабой, што гэта такое?". Але на той час гэта быў важны момант, нават педагагічны, бо такім чынам адбываўся адбор. Такім чынам хлопцы і дзяўчаты прыглядаліся адно да аднаго. Дзяўчаты аб хлопцах, якія ім падабаліся, спявалі добра, напрыклад, у Іванкі нос вялікі, а вось Юрка добра спявае… Такім чынам рабіліся кантрасты. Такая ж сітуацыя с хлопцамі. Яны спявалі пра дзяўчат, кагосьці вылучалі, кагосьці наадварот. Можа, гэта не вельмі прыемна, але тым не менш, гэта была такая функцыя традыцыйнай грамады, каб моладзь магла бліжэй пазнаёміцца. Часам святкавалі некалькі вёсак разам. Праз гэтыя гульні, спевы выяўляліся прыхільнасці маладых людзей адно да аднаго. Гэтыя песні - толькі частка абрадавага дзеяння. Далей адбываўся выбар пар. Часам можна назіраць цікавыя спаборніцтвы, калі купальскія песні спяваліся перагуканнямі. Пачынае адзін нейкі гурт спяваць, напрыклад, жыхары адной вёскі, вуліцы ці проста сябры. Пасля гэтыя ж радкі спяваюць суседзі. Гэта своеасаблівае спаборніцтва - хто лепш праспявае. Гэта мела важны сэнс. Былі такія павер'і, напрыклад, калі ярчэй гарыць купальскае вогнішча, гэта да лепшага ўраджаю, калі ты лепш спяваеш, то таксама лічылася, што ў той грамады ўсё будзе добра ў гаспадарчым сезоне. Таксама вядомыя ў купальскую ноч так званыя бясчынствы, якія ладзіла моладзь. Прычым у некаторых рэгіёнах гэта захоўваецца да нашых дзён. У нас лічыцца, што хуліганства - гэта кепска, а раней гэта віталася. Моладзь пераапраналася, каб не пазналі, і маглі ламаць лаўкі, ламалі плот, вароты, нешта перанесці і павесіць на дрэва. Маглі закрыць дымаход, каб дым пайшоў у хату. Гэта рабілася ў рытуальных мэтах, для парушальнікаў купальскага парадку. Моладзь ішла па вуліцы, запрашала людзей на святкаванне, і той, хто не прыйшоў на свята, лічыўся парушальнікам грамадскага парадку. Таксама існавала цікавае павер'е, што Купалле святкуюць людзі, а вось, напрыклад, ведзьма не можа падысці да купальскага вогнішча, яна яго баіцца. І яшчэ многія купальскія дзеянні былі скіраваныя супраць ведзьм. І лічылася, што калі чалавек не выходзіць святкаваць, значыць, ён вядзьмак ці яна - ведзьма, і таму павінны панесці пакаранне. У наш час гэтае дзеянне страціла сваю першапачатковую функцыю, пайшлі такія моладзевыя жарты, каб проста з кагосьці пажартаваць.