Онлайн-конференция

Вопрос от 06.07.2016 16:40:31

Дзякуй за пытанне. Таксама, можа, трэба больш падрабязна расказаць пра папараць-кветку. Час ад часу можна пачуць такое меркаванне, што нашыя продкі навыдумлялі нешта. Папараць жа не цвіце і кветак не мае. Але нашыя продкі ведалі не менш за нас у нейкім сэнсе, бо ўвесь час яны жылі ў гэтым асяроддзі, сутыкаліся. Менавіта таму папараць і стала сімвалам гэтага святкавання, бо ведалі: калі кветак няма, то гэтая расліна можа служыць ідэальным сімвалам. Гэта тое, чаго няма, ала што ўсе людзі імкнуцца здабыць. Калі паглядзець на нашу сучасную традыцыю, у нас папараць-кветка з'яўляецца сімвалам шчасця. Але калі паглядзець на этнаграфічныя тэксты, то можна ўбачыць, што пад шчасцем разумелі беларускія сяляне. Што канкрэтна давала папараць-кветка? Па-першае, папараць-кветка давала веды. Невыпадкова сімвалам БДУ з'яўляецца папараць. Той, хто адшукае папараць-кветку, зможа разумець мову жывёл, мову птушак, мову раслін. Адпаведна гэта дае неабмежаваныя магчымасці, пачынаючы са знахарскіх лекавых практык. Як быць карысным людзям і самому разбагацець, і для сваіх гаспадарчых інтарэсаў. Акрамя таго, што чалавек атрымліваў веды ад прыроды, чалавек атрымліваў здольнасць бачыць усе скарбы, схаваныя ў зямлі. Папараць-кветка давала багацце. Але тут варта падкрэсліць, што папараць-кветка давала не толькі магчымасць пабачыць скарбы, але і імі завалодаць. Таму што амаль усе скарбы, схаваныя ў зямлі, маюць закляцце. Звычайна ў народзе казалі, что проста так скарб здабыць нельга - на ім праклён. Калі яго не зняць, то будуць кепскія наступствы для тых, хто скарб здабудзе. Уладальнік папараць-кветкі мог нічога не баяцца, мог гэты скарб лёгка здабыць. Спалучэнне ведаў і таемных магчымасцяў, якіх ніхто не можа мець, урэшце давалі разуменне шчасця, бо гэта быў дабрабыт, веды і нейкі статус. Трэба адразу сказаць, што народныя паданні гавораць, што некаторыя людзі знаходзілі папараць-кветку, але звычайна гэта былі адзінкі і знаходзілі яе зусім выпадкова. Здабыць папараць-кветку было цяжка. Яна квітнее, адны кажуць, адно імгненне, другія - хвіліну. А яе трэба спачатку адшукаць. А калі квітнее хвіліну, то шанцы малыя, яе трэба яшчэ адшукаць. Акрамя таго, кветку ахоўвае нячыстая сіла, яна не дае яе забраць. Казалі, што людзі здабывалі кветку зусім выпадкова, самі таго не ведаючы. Напрыклад, заблукала карова, пастух пайшоў яе шукаць у лес. Выпадкова наступіў на папараць і кветка зачапілася за лапаць. Прыйшоўшы дадому, ён лапці зняў, кветка вылецела. Вось і ўсё. На наступны дзень гэты селянін згубіў свае звышмагчымасці. Ён так і не зразумеў, што гэта вечарам было. У некаторых рэгіёнах Беларусі казалі, што для таго каб здабыць папараць-кветку і захаваць яе магічныя ўласцівасці, трэба зрабіць наступнае (прынамсі, згадваў гэта вядомы этнограф Адам Багдановіч - бацька паэта Максіма Багдановіча): разрэзаць правую далонь і пад скуру гэтую кветку схаваць, каб ніхто яе не дастаў, і такім чынам кветка будзе захоўваць свае ўласцівасці. У таго ж Багдановіча ёсць запісы, што купальскую папараць-кветку можа здабыць такі міфічны персанаж, як купальскі дзядок. Ён збірае кветкі ў кошык, які ззяе рознымі колерамі. Калі сустрэцца з гэтым купальскім дзядком у лесе, разаслаць перад ім ручнік або белы абрус, то ён кіне кветку. Такім чынам чалавек яе здабудзе. У іншых народаў ёсць пэўныя аналагі. Найбольш яскрава гэты вобраз кветкі захаваўся ў беларусаў. Як адзначаюць этнографы, купальская абраднасць найбольш ярка захоўваецца на тэрыторыі Беларусі. Але не толькі беларусы ведаюць Купалле, але і ўсе суседзі: Украіна, Расія, Літва, Польшча. Гэта агульны індаеўрапейскі звычай, які ў той або іншай форме захаваўся, але найбольш архаічна захавалі беларусы.