Онлайн-конференция

Вопрос от 06.07.2016 15:41:46

Вельмі складанае і вялікае пытанне. Паспрабую адказаць вельмі коратка. Крывічы з'яўляюцца адным з протабеларускіх плямёнаў, якія займалі вялікія тэрыторыі краіны - гэта Віцебская вобласць, вялікая частка Мінскай, Гродзенскай і г.д. Іх называюць асноўным протабеларускім, бо фактычна крывічы ўтварылі першую беларускую дзяржаўнасць -  Полацкае княства. У пачатку 20 стагоддзя, калі актыўна ішоў працэс нацутварэння, інтэлектуалы прапаноўвалі змяніць назву "беларусы" на крывічы, Беларусі - на Крывію. Яны не прыжыліся, зніклі. Але гэта падкрэслівае той уплыў, які мелі крывічы. Мы ведаем, што ў старажытнай Русі былі тры вялікія цэнтры - Полацк, Ноўгарад, Кіеў, якія ўвесь час змагаліся за ўплыў. Многія землі гуртаваліся вакол Полацка. Пасля таго, як Полацкае княства ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага, Полацк доўгі час захоўваў аўтаномію, тым самым падкрэсліваючы значную ролю і стан на землях беларускіх.

Прусы. Прусы - гэта заходне-балцкія плямёны, якія пражывалі раней на тэрыторыі сучаснай Калінінградскай вобласці Расіі, Польшчы, часткова Германіі, у Літве. Часткова таксама прусы пражывалі на тэрыторыі Беларусі, на паўночным захадзе ў сучасным Гродзенскім раёне, у прыватнасці, гэта Воранаўскі раён, Іўеўскі - гэта асноўныя. Нават у 18 стагоддзі было заснавана асобнае Барцянскае староства на землях Беларусі. Чаму Барцянскае? Таму што борці, барты - гэта адна з назваў прускіх плямёнаў, якія пасяліліся на землях Беларусі. Як яны тут з'явіліся? Часткова на самым паўночным захадзе Беларусі яны тут жылі яшчэ з Жалезнага веку і раней, часткова ў 13 стагоддзі пасля таго, як нямецкія крыжакі пачалі актыўную экспансію на ўсход, прусаў вынішчалі фізічна, калі яны не хацелі падпарадкоўвацца. Многія ўцякалі на землі Беларусі, Вялікага Княства Літоўскага. Іх прымалі і рассялялі. Вось тады прусы пасяліліся на тэрыторыі сучаснага Воранаўскага раёна. Іх нашчадкі там дагэтуль і жывуць. Прусы цікавыя тым, што ў іх была такая тэакратычная дзяржава, вялікую ролю мелі не свецкія ўладары, а духоўныя. Галоўнага вярхоўнага жраца называлі Крыве-Крывейта, таксама быў культавы цэнтр Рамова, і, як згадваюць крыніцы 13 - 14 стагоддзяў, духоўная ўлада Крыве-Крывейты распаўсюджвалася на ўсе балцкія плямёны на тэрыторыі Прусіі, Літвы, Латвіі, таксама на тэрыторіі Беларусі, бо некаторыя балцкія плямёны жылі на землях Беларусі. І пасля таго як крыжакі ўжо канчаткова захапілі тэрыторыю прусаў, Крыве-Крывейта і культавы цэнтр Рамова перанесліся ўжо на тэрыторыю ВКЛ. І тут існавалі, пакуль каталіцтва не прыйшло і не адбыўся хрост у 1387 годзе. Апошні Крыве-Крывейта - вярхоўны паганскі святар - памірае ў 1415. Звалі яго Гінтаўт. Ці мелі яны ўплыў на ВКЛ? Пэўны ўплыў яны, магчыма, мелі, бо з хронікі мы ведаем, што пры князі Гедыміне быў яго стрыечны брат Ліздзейка, якога хронікі называюць вярхоўным паганскім біскупам. Ён быў дарадцам князя. Паводле легенды, ён параіў князю пабудаваць горад Вільню, і, таксама поводле легендаў радавых, ён стаў родапачынальнікам знакамітага рода Радзівілаў. Ліздзейка пасля атрымаў мянушку Радзівіл, бо ён "парадзіў" Вільню. Таму вось такі пэўны ўплыў быў.