Онлайн-конференция

Вопрос от 14.04.2016 17:48:54

Я думаю, што гэта была выстаўка "Мастакі Парыжскай школы", якую мы рабілі разам з нашымі партнёрамі - Белгазпрамбанкам. Стала адкрыццём, што ў Парыжскай школе амаль усе нашы выхадцы з Беларусі, не толькі Суцін і Шагал. І яшчэ выстаўка "10 стагоддзяў мастацтва Беларусі". Гэта таксама быў унікальнейшы праект, для мяне ён быў самы важны. Я не ўзгадваю тут выстаўкі з Траццякоўскай галерэі, яны больш папулярныя, лягчэй успрымаюцца. Там класікі, сусветна вядомыя мастакі. Да 17 красавіка ў нас праходзіць выстаўка, прысвечаная Льву Баксту - нашаму земляку, які нарадзіўся ў Гродне. Карыстаючыся нагодай, хацеў бы запрасіць нашых радыёслухачоў і тэлегледачоў наведаць яе, бо з 18 красавіка яна пераязджае ў Вільню, потым - у Рыгу. Для музея гэта вельмі важная выстаўка. Я, праўда, пакуль не ведаю, колькі чалавек яе наведала, наперадзе яшчэ тры дні. Запрашаем! Мы тут не гонімся за нейкай асаблівай папулярнасцю, гэтыя праекты мы робім больш для будучыні, такім чынам мы пашыраем ўяўленне пра нашу спадчыну. 

У мінулым годзе была вельмі добрая выстаўка "Ад рэалізму да імпрэсіянізму", прысвечаная 145-годдзю Фердынанда Рушчыца. Хачу падкрэсліць, што галоўнай і адзінай работай у Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі была работа Рушчыца "Вясна", якую ў 1897 годзе Павел Траццякоў набыў адразу пасля абароны ў Акадэміі мастацтваў. Гэта ўнікальны твор, які нават і спецыялісты рэдка бачылі, не гаворачы пра шырокае кола аматараў. І вось мы святкавалі юбілей нашага мастака ў Валожынскім раёне, правялі і пленэр з мастакамі, зрабілі шэраг дзіцячых мерапрыемстваў. Рыхтуемся ўжо да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца. Нас падтрымала кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама, і Валожынскага райвыканкама, каб добраўпарадкаваць фамільныя могілкі, каб аднавіць сядзібу, якая была знішчаная ў 1944 годзе. 

Унікальнасць мінулагодняй выстаўкі з Траццякоўскай галерэі была ў тым, што побач з мастакамі-настаўнікамі былі і мастакі-вучні. Гадоў 10-15 назад нашы Бялыніцкі-Біруля, Рушчыц, Жукоўскі лічыліся на Беларусі нават сярод музейных супрацоўнікаў вялікімі рускімі мастакамі. Але яны на памежжы і належаць як да беларускай культуры, так і да польскай, літоўскай... Яны мастакі планетарнага плану, але яны нашы, беларусы, і пра гэта трэба ведаць, гаварыць і ганарыцца гэтым. 

Дарэчы, хачу нагадаць, што ў 2012 годзе, які быў Годам кнігі, мы выпусцілі 20 кніг "Нашы славутыя мастакі з Беларусі". Гэты працэс працягваецца, зараз выйдзе кніга пра Яўсея Майсеенку, рыхтуем пра Натана Воранава. Мы пашыраем кола нашых мастакоў. Гэтая серыя будзе бясконцая, бо многіх іх наогул не ведаюць і не чулі пра іх. Каб патрапіць у гэтую серыю, трэба тры ўмовы: нарадзіцца на Беларусі, стаць вядомым мастаком на Беларусі і за яе межамі, і нейкі прамежак часу павінен прайсці, бо пры жыцці мастакоў мы такія кнігі не выдаём.