Онлайн-конференция

Вопрос от 14.04.2016 17:47:48

Што вам адказаць на гэтае вельмі няпростае пытанне? Творы, як родныя дзеці. І тыя работы, якія мы набылі і якія сёння экспануем, таксама як родныя дзеці. Таму нельга сказаць, што адна карціна мне родная, блізкая, а другая не. Вядома, у мяне як у мастака ёсць свае любімыя аўтары. Мне вельмі падабаюцца Бялыніцкі-Біруля - наш беларус-імпрэсіяніст, Станіслаў Жукоўскі, Фердынанд Рушчыц. Мне падабаюцца беларускія іконы, напрыклад, "Параскева Пятніца". У маім уяўленні гэта не проста ўнікальны старажытнабеларускі твор, яна нясе ў сабе не проста сакральную каштоўнасць, а яна нясе беларускасць, яна ўяўляецца такой маці-Беларуссю. І да гэтага твора ў мяне асаблівыя пачуцці. Для мяне як кіраўніка музея ўсе экспанаты блізкія, родныя, але, паўтаруся, ёсць і нейкія мае асабістыя адносіны, мае пачуцці як мастака. Такія пачуцці ёсць у кожнага, хто прыходзіць да нас. 

А ў цэлым я сумесна з нашымі супрацоўнікамі вельмі задаволены, мы ўсе любім наш музей, мы любім творы мастацтва, якія ў нас экспануюцца і захоўваюцца. І мы лічым, што зараз Нацыянальны мастацкі перажывае другое адраджэнне, ён на новым этапе, і, безумоўна, мы зацікаўленыя ў тым, каб пакінуць у спадчыну тым, хто прыйдзе за намі, новае памяшканне, новы музейны комплекс, як, скажам, адбудавала ў 1957 годзе цяперашні будынак Алена Васільеўна Аладава. Вельмі важна перадаць сваім паслядоўнікам гэта ўсё ў добрым стане. Я ўвогуле прыхільнік таго, каб не было ніякіх даўгоў, каб не быць ні перад кім вінаватым, у тым ліку і перад тымі, хто прыйдзе пасля нас у музей. Таму хачу сказаць, што мы ўсе працуем, мы жадаем, каб наш музей развіваўся. Хачу завяршыць нашу анлайн-канферэнцыю такімі словамі: наш музей быў, ёсць і будзе першым у Рэспубліцы Беларусь.