Онлайн-конференция

Вопрос от 14.04.2016 17:44:54

Я хачу прызнацца, што дырэктарам стаў выпадкова. Я не марыў пра гэтую пасаду і сябе не рыхтаваў. Так склалася, што падчас маёй працы ў апараце Савета Міністраў, я прызнаюся, мне рабіў два разы такую прапанову - узначаліць музей - міністр культуры Сасноўскі, але я вагаўся ад таго, што гэта вялікая адказнасць. І калі некалькі супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея выйшлі да мяне з прапановай усё ж такі ўзначаліць музей, то я падумаў, што хоць некалькі чалавек будуць за мяне, і я даў згоду. 

Вядома, гэта была вялікая адказнасць, я начамі не спаў, бо такія вялікія нацыянальныя каштоўнасці, а ў мяне не было вопыту працы ў музеі ўвогуле. Я не працаваў ні ў якім музеі, нават у раённым, дагэтуль, цалкам невядомы быў мне калектыў, за выключэннем некалькіх чалавек. І з аднаго боку, было вельмі цяжка, а з іншага - лёгка, у тым плане што я не быў павязаны сяброўскімі адносінамі, а цяжка, таму што я ўпершыню быў у гэтым калектыве, я ж нідзе не працаваў у падобных калектывах. 

З цягам часу прыйшоў вопыт, зараз я з вялікім задавальненнем бягу на працу раніцай. Мне падабаецца мая праца, я пачуваю сябе камфортна, таму што маю адпаведную адукацыю і, так бы мовіць, свабодна валодаю сітуацыяй у музеі, прычым самымі рознымі катэгорыямі, ці то наведвальнікі, ці то калегі мае, ці то мастакі. Мне прыемна працаваць, і я адчуваю сябе вельмі добра на гэтай пасадзе. Я лічу, што мне пашчасціла ў жыцці, бо ў мяне любімая работа, якая мяне задавальняе.