"Зямля, што нам дадзена лёсам"

02.02.2012
"Звязда", 2 лютага 2012 г.


Праект пад такой назвай амаль пяць гадоў таму ўпершыню прагучаў на хвалях Беларускага радыё. Праз год да яго аўтара - пісьменніка і публіцыста, галоўнага дырэктара радыёстанцыі "Беларусь" Навума Гальпяровіча далучылася сувядучая - цяперашні галоўны рэдактар штотыднёвіка "ЛіМ" Таццяна Сівец.
Героі праграмы аналізуюць сувязь уласных жыццёвых шляхоў з пуцявінамі Радзімы, прыгадваюць часы маленства і родныя мясціны, разважаюць пра сённяшні дзень краіны і нашу агульную будучыню. Здавалася б, колькі можна гаварыць на адну і тую ж тэму? Але наша зямля - невычэрпная крыніца, у тым ліку і цікавых суразмоўцаў. Кожны з запрошаных - ад студэнта-першакурсніка да акадэміка - Асоба, якая не баіцца выказаць самыя смелыя ды арыгінальныя думкі, падзяліцца тым, што хвалюе, і зрабіць высновы, карысныя для ўсёй грамадскасці.
Неаднаразовым экспертам у студыі быў пісьменнік, краязнаўца, галоўны рэдактар газеты "Звязда" Алесь Карлюкевіч. Чарговую гутарку з ім, прысвечаную найстарэйшай газеце Беларусі, кнігавыданню ў нашай краіне, а таксама пытанням айчыннага краязнаўства, можна будзе пачуць 12 лютага, у нядзелю, у 17.15 на хвалях Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё (106,2 FM)!

Раіса СІНЯЎСКАЯ.