"Зямля беларуская" замест "Танцаў на лёдзе"

25.10.2008
"Народная газета", 25 октября 2008 г.


Культурна-асветніцкія праграмы выклікаюць непараўнальна большую цікавасць у гледачоў, чым лядовыя і танцавальныя шоу з удзелам зорак.
У кожнага свае меркаванні на гэты конт - аб густах не спрачаюцца. Аднак супрацоўнікі Першага нацыянальнага канала даўно ўпэўніліся, што перадачы пра нашу гістарычную спадчыну аўдыторыя ўспрымае з вялікай удзячнасцю. Таму закупляць замежныя рэаліці-шоу бессэнсоўна, вырашылі на Першым. Тым больш што даўно прыходзілі просьбы ад гледачоў паказаць пазнавальны фільм аб зямлі беларускай. І вось сёлета Агенцтву тэлевізійных навін удалося ажыццявіць задуманае. Паказ відэафільма са 118 серый (столькі ў нашай краіне налічваецца раёнаў) пачынаецца ў новым тэлевізійным сезоне. Першы фільм, прысвечаны Браслаўшчыне, выйдзе ў эфір сёння ў 17.45.
Гледачы даведаюцца, што такое трава сіта, чаму на Браслаўшчыне і цяпер часцей ездзяць на чоўнах, чым на машынах, чаму горад Браслаў менавіта так называецца, а таксама адправяцца ў дзівоснае падарожжа па неверагоднай прыгажосці ландшафтах, падараваных гэтым мясцінам ледніком.
Карэспандэнты АТН да гэтага часу паспелі пабываць толькі ў трыццаці раёнах нашай краіны. Відэафільмы аб Бялынічах, Ветцы, Нясвіжы, Мсціславе, Лідзе, Карэлічах ужо чакаюць свайго выхаду ў эфір. Здымкі ў астатніх раёнах будуць весціся паралельна з трансляцыяй. Журналісты стараюцца глядзець на ўсё не проста звыклым вокам рэпарцёра. "Хутчэй гэта спроба ўбачыць сучаснае праз мінулае беларускай зямлі, - гаворыць намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Мартыненка. - Здымкі праходзяць на зямлі, на вадзе і ў паветры, незалежна ад часу, надвор'я і пары года. У стварэнні цыкла мы выкарыстоўваем некаторыя элементы ў стылі "Дыскаверы". Зацікаўленасць у набыцці гэтага відэафільма ўжо выказалі тэлекампаніі Расіі, Польшчы, Балгарыі, Германіі".
Кожная серыя фільма - асобная гісторыя раёна і людзей, што ў ім жывуць. Героі ў ім не размаўляюць. Аповед вядзецца ад трэцяй асобы. Аднак глядач бачыць дзеянні мясцовых жыхароў, захаваныя рамёствы, якія былі перададзены ім у спадчыну ад продкаў, прадметы быту, а таксама эмоцыі герояў. На падставе ўсяго гэтага глядач зможа ўявіць каларыт пэўнага раёна Беларусі.

Марына КУЗЬМІЧ, "НГ".