"Звязда" пабывала на здымачнай пляцоўцы папулярнага тэлепраекта

25.11.2016

"Звязда"

На гэтым тыдні Беларускае тэлебачанне адзначае адразу дзве знакавыя даты: Сусветны дзень тэлебачання, які ўвайшоў у гісторыю 10 гадоў таму, а таксама - вось супадзенне! - 10 гадоў з першага эфіру адной з самых запатрабаваных праграм канала "Беларусь 1" - "Беларускай часінкі". І няхай стаж праграмы адносна сціплы, але яе значнасць цяжка пераацаніць. Па прыблізных падліках, у эфір выйшла больш за 2000 выпускаў, у кожным з якіх карэспандэнты і вядучыя з дапамогай экспертаў аказвалі рэальную дапамогу людзям, якія сутыкнуліся са складанымі жыццёвымі сітуацыямі.

Калі побыт заядае

15 хвілін да эфіру. У вялікай "шасцісотай" студыі Белтэлерадыёкампаніі ўжо ўсе на месцы: вядучыя сённяшняга выпуску Алена Спірыдовіч, Уладзімір Богдан і Сяргей Прохараў завяршаюць тракт - генеральную рэпетыцыю эфіру, аператары і тэхнікі настройваюць святло і камеры, а нябачны рэжысёр камандуе працэсам. Сёння на парадку дня - вечныя пытанні, хто вінаваты і што рабіць... з камунальнымі праблемамі.

- ЖКГ - такая самая актуальная тэма зваротаў, як і шмат гадоў таму? - цікаўлюся ў шэф-рэдактара "Беларускай часінкі" Святланы Грынчык.

- Прынамсі, адна з самых набалелых. У "камунальных аўторках" нам вельмі дапамагае кіраўнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства ЖКГ Генадзь Аксціловіч, які дзяжурыць на "гарачай лініі" і аператыўна тлумачыць незразумелыя моманты, і ўсё адно пытанняў на гэту тэму менш не становіцца. Але далёка не толькі ЖКГ хвалюе гледачоў. Тэмы зваротаў абумоўленыя рэаліямі жыцця: увялі ў Беларусі мацярынскі капітал - пачалі цікавіцца гэтай тэмай, абвясцілі пра жыллёвыя субсідыі - пытаюцца пра ўмовы іх атрымання. З'явілася ў праграме спажывецкая рубрыка - стала больш пытанняў з гэтай сферы. Але найбольш, напэўна, зваротаў да юрыстаў - у эфіры некалькі гадоў "вядзе прыём" адвакат Галіна Камароўская, а на сайце праграмы гледачоў кансультуе адвакат Максім Церашкоў.

- Хвіліна да эфіру! - папярэджвае рэжысёр, і ўсе пабочныя размовы сціхаюць. Над пультам адлічвае апошнія секунды гадзіннік - і пасля ўступных цітраў Сяргей Прохараў агучвае некаторыя тэмы і сюжэты сённяшняга выпуску.

...Хто ў адказе за сапсаваныя дамафоны, як знайсці гаспадароў пустуючай кватэры, якая замінае капрамонту, і ў якія дзверы грукаць, калі ва ўласных пакоях няма чым дыхаць з-за суседскіх "умельцаў"? Гэтыя відэасюжэты, а таксама нязменная за 10 гадоў рубрыка, прысвечаная дапамозе цяжкахворым дзецям, - загадзя вядомы вядучым "касцяк" праграмы, а якія сюрпрызы прынясуць званкі і SMS-паведамленні, не можа сказаць ніхто.

"Вядучыя, якія прымаюць званкі, з першых слоў ацэньваюць, ці зможа чалавек за 1-2 хвіліны сцісла і зразумела выкласці свой зварот - калі так, то пускаюць званок у эфір, калі не - з ім дасканала разбіраюцца карэспандэнты, гатовыя выехаць у кожны рэгіён", - тлумачыць шэф-рэдактар "Беларускай часінкі".

Дарэчы, пацвярджаю: тэлефоны ў студыі практычна не змаўкаюць, пакуль у эфіры транслюецца відэасюжэт, вядучыя і эксперт ледзь паспяваюць адказваць на званкі.

Паспець усё

У перапынках, калі ідуць рэкламныя блокі, вядучыя дазваляюць сабе крыху расслабіцца (прамы эфір - тое яшчэ выпрабаванне для нерваў!) і нават пажартаваць. Але рэжысёр няўмольна нагадвае: праз некалькі секунд трэба вяртацца ў эфір. Вядучыя вокамгненна робяцца засяроджана-дзелавымі і ні на секунду не губляюць сутнасці абмеркавання. Бабруйск, Брэст, Гомель, Мінск, Слуцк, Клецк, Магілёў - пытанні пра розныя аспекты камунальнай гаспадаркі гарохам сыплюцца з усіх куткоў краіны.

Генадзь Аксціловіч, які дзяжурыць на "гарачай лініі", агучвае цікавую лічбу: безнаяўную жыллёвую субсідыю за кастрычнік атрымаюць 59 чалавек, якія аформілі неабходныя дакументы. Вядучыя ўдакладняюць, хто можа прэтэндаваць на субсідыю. Аказваецца, прыблізная формула простая: трэба сярэднюю за апошнія паўгода суму сукупнага даходу сям'і падзяліць на 5; калі лічба ў жыроўцы перавышае пятую частку (або 20%) ад вашага сямейнага даходу - маеце права звяртацца ў службу субсідавання для дэталёвых разлікаў.

Чарговая праблема - крык аб дапамозе, інакш не скажаш. З даўжэзнага факса зразумела, што нейкі час таму ў аграгарадку Прылукі Мінскага раёна памёр адзінокі чалавек. Знайшлі яго не адразу - але пахавалі, кватэру апячаталі... І цяпер суседзям нельга знаходзіцца ў пад'ездзе, бо адчыніць гэту кватэру і праветрыць ім не дазваляюць, а санітарная апрацоўка пад'езда не праводзілася. Алена Спірыдовіч звярнулася ў ЖЭУ-7 з просьбай тэрмінова прыняць меры, а прадстаўніка Міністэрства ЖКГ папрасілі ўзяць сітуацыю пад асабісты кантроль.

...Іншым разам аднаго абмеркавання праблемы ў эфіры бывае дастаткова, каб сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Так, днямі жанчына расказала, што заказала машыну торфу, а прывезлі палову непрыдатнага: і крышыцца, і не гарыць. Пасля ўмяшання "Беларускай часінкі" літаральна на наступны дзень жанчыне даставілі брыкеты добрай якасці.

Але некаторыя цяжбы грамадзян з жыллёва-камунальнымі службамі могуць доўжыцца не адзін месяц і нават год, што яскрава ілюструе своеасаблівы "хіт-парад" - падборка дасланых "народнымі карэспандэнтамі" фатаграфій, якія вядучыя іранічна прадставілі як "усё цячэ, але нічога не змяняецца". Колькі часу жыхары змагаюцца з усімі гэтымі затопленымі падваламі, закінутымі свідравінамі, гнілымі трубамі - нават цяжка ўявіць.

У апошняй рэкламнай паўзе рэдактар заклапочана зазначае: "Перабіраем час, апошні сюжэт давядзецца выкідваць".

- Пуні выкідваем, - удакладняе Алена Спірыдовіч. - Давайце вырашаць, хто за кім. Можа, пачну я, потым эксперт, а трэцім будзе Сяргей.

- Трэцім я заўжды гатовы быць, - жартуе ў адказ Сяргей Прохараў. Насамрэч за гэтай пікіроўкай - задача з ювелірнай дакладнасцю разлічыць час эфіру, каб не абрываць нікога на паўслове і паспець сказаць усё неабходнае. Вопытная каманда з гэтым упэўнена спраўляецца, падсумоўвае вынікі і развітваецца з гледачамі - да наступнага эфіру.

Не апошняя інстанцыя

- За гады існавання праграмы зменшылася колькасць прафесійных скаржнікаў, якія чакаюць, што вы за іх усё вырашыце?

- Мне здаецца, толькі павялічылася, - кажа Уладзімір Богдан. - Я заўважыў, што з часам стаў, з аднаго боку, даволі жорсткім у некаторых пытаннях - калі ў эфір тэлефануюць людзі, якія нічога не робяць для вырашэння ўласнай праблемы, магу адказаць празмерна рэзка, а з другога боку, наадварот, празмерна добрым і інфантыльным - калі справа датычыцца дзяцей або тых людзей, якім жыццёва неабходная дапамога.

Я тут падумаў, што "Часінка" - такі сябар і таварыш, які заўжды гатовы прыйсці на дапамогу, але ні ў якім выпадку не будзе з радасцю вырашаць праблему за вас. Пачніце гэта рабіць - а мы ўжо падхопім, параім, пракансультуем.

Асабіста я за гэты час стаў амаль прафесійным юрыстам. І часта, калі людзі на вуліцы падыходзяць, пазнаюць і просяць нейкай парады - са здзіўленнем лаўлю сябе на тым, што ведаю адказ на іх пытанне!

- Заўжды ёсць людзі, якія жадаюць, каб нехта іншы зрабіў справу за іх, - далучаецца Алена Спірыдовіч. - Даходзіла да смешнага, скардзяцца: "Ваду адключылі, і халодную, і гарачую, як жыць?!" - "А ў ЖЭС тэлефанавалі?" - "Не, адразу вам!".

Што засмучае - я так і не навучылася забываць пра многія агучаныя праблемы, асабліва калі гэта цяжкая гісторыя, якая кранае душу. Аднойчы патэлефанавала жанчына: яе мужу зрабілі аперацыю на сэрцы, фактычна - паставілі новае. А тут у яго падышоў тэрмін замены пашпарта. І яна крычыць у трубку: маўляў, я не магу яго цяпер фатаграфаваць (з-за прэпаратаў ён набраў вагу, крыху "заплыў"), а мне з-за гэтага далі штраф - 4 рублі, буду скардзіцца, будзем з мужам хадзіць, дабівацца справядлівасці...

А я слухаю і думаю: яе мужу бясплатна зрабілі новае сэрца, а жанчына, замест таго каб пырхаць вакол яго матыльком і ствараць умовы для станоўчых эмоцый, будзе цягаць яго па ЖЭСах і пашпартных сталах, уцягваць у канфліктныя сітуацыі - і дзеля чаго, дзеля адмены 4 рублёў штрафу?! Не ведаю, як змагацца з такой агрэсіўнасцю...

- На мой погляд, часам лепш дапамагчы і надакучліваму скаржніку, і таму, хто гэтага не зусім варты, чым пераблытаць і не дапамагчы тым, хто мае ў гэтым вострую патрэбу, - заўважае Сяргей Прохараў. - Стараюся як мінімум выслухаць чалавека, а там арыентуюся па сітуацыі. Помню адзін званок - на шчасце, такія прыходзяць нячаста. Жанчына гнеўна патрабавала: вы тут дзецям дапамагаеце, а ў мяне нявестка нарадзіць не можа - дайце грошай на ЭКА (экстракарпаральнае апладненне)! Мне каштавала немалых высілкаў патлумачыць, што гэта далёка не пытанне жыцця і смерці.

- Па выніках зваротаў часцей дзякуюць або зноў скардзяцца - ужо на вас?

- Я страціў некалькі добрых знаёмых і нават сяброў з-за таго, што рызыкнуў дапамагчы, а пры разглядзе пытання выявілася, што яны ці іх сваякі не мелі рацыі. Але ўсё адно, на жаль ці на шчасце, здаровага прафесійнага цынізму я так і не выпрацаваў: не ўяўляю, як можна адмовіць на просьбу дапамагчы. І ведаеце - бывае, што мы ў студыі прагаварылі сітуацыю, прапанавалі нейкія шляхі вырашэння, а выніку ўсё адно няма - тым не менш, людзі ўдзячныя за нашу гатоўнасць выслухаць і дапамагчы. Гэта вельмі прыемна. Яшчэ больш прыемна было б аднойчы ў чарговым выпуску раптам даведацца, што нам няма пра што казаць, - але гэта фантастыка. Бо да той пары, пакуль некаторыя адказныя асобы і службы ставяцца да сваіх абавязкаў паблажліва, а да людзей, якіх мусяць абслугоўваць, - зняважліва, мы без працы не застанёмся.

"Беларуская часінка" - ліцэнзійны тэлепрадукт, інфармацыйна-аналітычная праграма, створаная ў фармаце "народных навінаў" па ўзоры і падабенстве папулярнай праграмы "Времечко", якая некалі выходзіла на Расійскім тэлебачанні. Маскоўскі "прашчур" даўно сышоў з эфіру, а беларускі аналаг, хоць і перажыў няпростыя часы, але не закрыўся, набыў уласны твар і заваяваў давер аўдыторыі - нездарма яго называюць "самым народным" тэлепраектам.

За 10 гадоў праграму вялі ў тым ці іншым складзе 10 прафесійных вядучых: Саша Снегіна, Міхаіл Кірычэнка, Вольга Шлягер, Сяргей Прохараў, Канстанцін Юманаў, Юлія Заўгародняя, Генадзь Давыдзька, Алег Ціткоў, Алена Спірыдовіч, Уладзімір Богдан.

Штотыдзень каманда тэлепраекта атрымлівае дзясяткі лістоў, SMS-паведамленняў, званкоў, допісаў на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі і на старонках у сацыяльных сетках са скаргамі, зваротамі па кансультацыю, просьбамі дапамагчы разабрацца ў тым ці іншым набалелым пытанні. Спажывецкі панядзелак, камунальны аўторак, юрыдычная серада і рознапланавы чацвер - пастаянныя гледачы ўжо добра ведаюць, якой тэме прысвечаны чарговы выпуск. А вось як менавіта праграма робіцца, ведаюць нямногія. Карэспандэнт "Звязды" паглядзела прамы эфір "Беларускай часінкі" з рэжысёрскай студыі і даведалася, ці часта маўчыць эфірны тэлефон, што адбываецца падчас рэкламы і да чаго так і не змаглі прызвычаіцца тэлевядучыя.

"Доўгажыхары" беларускага тэлеэфіру

· "Зона Х" сёлета адзначыла 16-годдзе.

· "Добрай раніцы, Беларусь!" у 2017 годзе споўніцца 20 гадоў.

· Больш за 20 гадоў існуе ў сучасным выглядзе "Панарама".

· Праграма пра армію "Арсенал" выходзіць 22 гады.

· Безумоўны лідар - "Калыханка", якой сёлета споўнілася 35 гадоў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.