"Звязда" паўдзельнічала ў начной тэлевізійнай раздачы грошай за веды

16.09.2016

"Звязда"

Што можа быць цікавей, чым лічыць чужыя грошы? Хіба толькі самому іх атрымаць без дай ладу. Мабыць, менавіта гэтай уласцівасцю чалавечага характару абумоўлены "доўгайграючы" поспех шматлікіх тэлевізійных інтэлектуальных гульняў і віктарын. Таму і новы праект тэлеканала "Беларусь 2" - запушчаная літаральна ў канцы жніўня праграма "Два рублі" - абяцае быць рэйтынгавай. Стаць яе ўдзельнікам можа практычна кожны, каму пашанцуе сустрэць на вуліцы харызматычных вядучых "Двойкі" Равіля і Рустама Насыравых і, не разгубіўшыся ад раздваення ў вачах, адказаць на пытанні, што называецца, на агульную эрудыцыю. Адкажаце правільна - атрымаеце падзяку і двухрублёвую манетку ў дадатак, дасце няправільны адказ - усё адно трапіце ў кадр і пачуеце на развітанне пажаданне добрага дня.

А што тут здымаюць?

Прынамсі, менавіта так праект выглядае ў эфіры. А як ён здымаецца насамрэч, ці ёсць сярод выпадковых прахожых "падстаўныя" акцёры і наколькі каштоўны для беларусаў прыз памерам у два рублі, карэспандэнт "Звязды" вырашыла даведацца на месцы. І напрасілася ў кампанію да здымачнай групы "Двух рублёў" падчас чарговага "палявання" на інтэлектуалаў.

...На гадзінніку дзесяць вечара. Ніякай памылкі няма: усяго праз некалькі хвілін здымачная група праекта адправіцца на эксперыментальны - начны - запіс чарговага выпуску "Двух рублёў". І час, і месца здымак у гістарычным цэнтры сталіцы выбраны не выпадкова: менавіта тут знаходзіцца модная сёлета сярод тусоўшчыкаў і турыстаў вуліца Зыбіцкая, якая ажывае з захадам сонца.

Усе крыху хвалююцца. Равіль і Рустам Насыравы старанна паўтараюць скарагаворкі, каб потым не перапісваць па некалькі дубляў праз недарэчныя памылкі вымаўлення тых ці іншых слоў. Асістэнт рэжысёра папраўляе грым на вядучых, а кіраўнік праекта нагадвае ім, каб абыходзілі дзясятай дарогай відавочна неадэкватных і нецвярозых людзей, а таксама прахожых з цыгарэтамі (тусоўка тусоўкай, а прапагандаваць шкодныя звычкі маладзёжнаму тэлеканалу не варта). Тры, два, адзін - і хлопцы, а следам за імі і мы са здымачнай групай, зрываемся на бег. У літаральным сэнсе.

Так-так, аказваецца, для таго каб угаварыць мінчан і гасцей сталіцы паўдзельнічаць у тэлегульні, іх спачатку трэба... дагнаць - як таму Шарыку з Прастаквашына герояў сваіх фотаздымкаў. Дый тое некаторыя наадрэз адмаўляюцца. Вось і цяпер з першым кандыдатам выходзіць асечка: дзяўчына з вялікім ахапкам паветраных шарыкаў катэгарычна супраць усякіх пытанняў і адказаў - і на гэтым збягае з поля зроку.

- Дзяўчаты, вы не ведаеце, што тут здымаюць? - групка маладых людзей з цікаўнасцю праводзіць позіркамі камеры і мікрафон.

- Ведаем! - хорам адказвае прыгожая частка здымачнай групы. - Хочаце паўдзельнічаць - адкажыце на пытанне! - Пасля гэтага хлопцы таксама знікаюць з брукаванкі, нібыта нябачная карова іх языком злізала.

На якія пытанні, уласна, трэба адказваць тым, хто пагодзіцца абмяняць веды на грошы? Падборка разнастайная і не сказаць, каб занадта складаная. Напрыклад, як называецца планка, з якой вырабляюць рамы для карцін (багет), або якое царкоўнае ўпрыгожанне стварыў майстар Лазар Богша (крыж Еўфрасінні Полацкай)? Тыя, хто глядзіць перадачу, седзячы дома на мяккай канапе, мабыць, зараз паблажліва ўсміхнуцца: як можна не ведаць такіх рэчаў? Насамрэч адказаць на пытанні знянацку, пад пільным вокам тэлекамеры, калі на роздум у цябе ёсць усяго некалькі секундаў, здолее далёка не кожны. Таму, калі некалькі чалавек запар не адказваюць на пэўнае пытанне, вядучыя агучваюць адказ самі і пераходзяць да іншага, перамяжоўваючы простыя і складаныя заданні.

Пламбір ці шарданэ?

Вулічныя музыканты і прыхільнікі іх творчасці, ахоўнікі мясцовых кавярняў і наведнікі летніх тэрас, вясёлыя кампаніі і засяроджаныя адно на адным парачкі, турысты і простыя прахожыя - даведацца, у каго з іх больш шырокі кругагляд, добрая памяць і хуткая рэакцыя, можна толькі доследным шляхам. Блізняты-вядучыя "экзаменуюць" то адных, то другіх і, здаецца, радуюцца правільным адказам ледзьве не больш за саміх гульцоў.

- Як называецца гатунак марожанага і горад у Францыі, дзе яго ўпершыню прыгатавалі? - спыняюць Равіль і Рустам шумную кампанію юнакоў і дзяўчат. Тыя з радасцю штурхаюць наперад аднаго з хлопцаў: "Ён усё ведае пра Францыю!", - але той толькі разгублена паціскае плячыма.

- Шарданэ? - няўпэўнена мяркуе адна з дзяўчат.

- Варыянт цікавы, але няправільны, - усміхаюцца вядучыя. - Усё адно, добрага вечара!

Літаральна на рагу вуліцы сустракаем жвавага веласіпедыста, якога ніяк не западозрыш у любові да марожанага. Аднак менавіта гэты мужчына называе варыянт "пламбір" (насамрэч назва горада больш складаная, Пламб'ер-Ле-Бем, але хто будзе прыдзірацца? - Аўт.) і з падзякай прымае свой прыз - двухрублёвую манету.

- О, глядзіце, "Два рублі" пабеглі! - даносіцца скрозь адчыненыя дзверы адной з кавярняў.

- Вось і слава прыйшла, хлопцы, - каментую я.

- Не, гэта, напэўна, хтосьці са знаёмых. Звычайна нас блытаюць - і аднаго з адным, і з іншымі тэлевядучымі. Праўда, Арцём Рыбакін? - жартуе з брата Рустам.

...Час набліжаецца да паловы дванаццатай, а пошук інтэлектуалаў сярод мясцовых тусоўшчыкаў працягваецца - трэба сказаць, з пераменным поспехам. Нехта з упэўненасцю называе вучонага, чыім імем названы хаатычны рух мікраскапічных часціц (а вы ведаеце імя Роберта Броўна? - Аўт.), затое потым некалькі чалавек запар так і не могуць адказаць, сімвалам якога будынка ў Маскве з'яўляецца чацвёрка коней (задачка на пільнасць тым, хто фатаграфаваўся на фоне Вялікага тэатра — Аўт.). Некаторыя прахожыя ўсё так жа шарахаюцца ад камеры, быццам мы падатковыя інспектары, якія прыйшлі па гадавую запазычанасць, іншыя, наадварот, запавольваюць крок і нават просяць сфатаграфавацца на памяць з блізнятамі.

- На якім музычным інструменце іграюць у галёшах? - мо ў чацвёрты раз гучыць даволі складанае пытанне. Чарговы гулец спрабуе ўгадаць, актыўна дапамагаючы сабе рукамі: "Цымбалы? Не? Тады не ведаю". Вядучыя называюць правільны адказ: "Арган". - "І што мне цяпер рабіць з гэтай інфармацыяй?!" - збянтэжана перапытвае малады чалавек.

Двухрублёвікі ў чырвоным мяшэчку-гаманцы яшчэ бразгочуць, аднак здаецца, матэрыялу ўжо запісана больш чым дастаткова. Фінальнае сэлфі з начных здымак - і вуліца ў цэнтры сталіцы працягвае шумець ужо без нас. А што далей? Глядзіце кожную нядзелю ў вячэрнім эфіры!

Простая мова

- Ці часта пытаюцца, чаму ўзнагарода такая маленькая - усяго два рублі? - распытваю пасля здымак вядучых праекта.

- Бывае і так. Але, сказаць па праўдзе, часцей не бяруць грошы, маўляў, я чалавек самадастатковы, няблага жыву і сам магу вам даць два рублі, - дзеліцца назіраннямі Рустам Насыраў. - Дык у чым пытанне - стань Робін Гудам, зарабі і раздай гэтыя грошы!

- Безумоўна, два рублі - выйгрыш невялікі, - дадае Равіль, - але ён і не мусіць быць памерам з галоўны прыз у латарэі, мы гэта называем "дробязь, а прыемна".

- Спрабавалі падлічыць, колькі "набягаеце" падчас здымак кожнай праграмы?

- Неяк уключалі крокамер, атрымалася ці то 15, ці то нават 17 кіламетраў. Аднак гэта наогул неадчувальна, запіс праходзіць на адным дыханні.

- Калі шчыра, самі вы маглі б адказаць на ўсе пытанні гульні?

- Не! (хорам). Наогул дзіўна, што нехта ў такіх умовах - камеры, мікрафон, два чалавекі прыспешваюць, маўляў, думай хутчэй - правільна адказвае. Гэта мусіць быць нейкі ўнутраны стрыжань...

- Якія першыя водгукі атрымліваеце ў сацыяльных сетках - праект падабаецца або не вельмі?

- Збольшага падабаецца, але шмат пішуць і пра тое, што народ у нас вельмі пужлівы, заціснуты, нібыта ўсе панабіралі крэдытаў і не сплачваюць. Спадзяюся, мы іх разварушым - так, брат?

- Так, хто б мог падумаць, што ў наш час людзі будуць збягаць ад грошай? Думаю, далей будзе лягчэй, бо гледачы даведаюцца, што ёсць такая перадача, і перастануць нас палохацца.

Як гэта зладжана

- Як выбіраецца месца для здымак ці гэта імправізацыя? - удакладняем у шэф-рэдактара праекта, намесніка галоўнага дырэктара тэлеканала "Беларусь 2" Юліі Кобрыкавай.

- Кожны раз - імправізацыя. Мы проста выязджаем у цэнтр Мінска, а далей - як пойдзе. Аднойчы забеглі на вуліцу Карла Маркса, а яна пустая, зусім, ніводнага чалавека! Тады вярнуліся на цэнтральны праспект - як у іншы свет: навокал людзі, жыццё віруе.

- Пакуль што "Два рублі" вандруюць па Мінску. Ці ёсць жаданне выехаць за кальцавую, у іншыя гарады?

- Так, безумоўна, і ў нас у планах ужо стаяць такія камандзіроўкі - у наступным квартале будзем выязджаць і за МКАД, і за межы вобласці. Тым больш нас ужо многія пазнаюць, прычым не толькі моладзь, але часам і пенсіянеры.

- У "Двух рублёў" існуе грашовы ліміт?

- У бюджэце на кожны выпуск нас не абмяжоўваюць, калі вы пра гэта (смяецца). Можам раздаць хоць тры манеты, хоць дзясятак - звычайна глядзім не на патрачаную суму, а на хранаметраж праграмы. Калі мала адказваюць, то задаём прасцейшыя пытанні, а калі наздымалі ўжо досыць, то гульню спыняем.

- Хто адбірае пытанні для праекта? Якая частка з іх датычыцца Беларусі?

- Ніякай "квоты" на пытанні пра нашу краіну няма, але яны, безумоўна, гучаць у кожным выпуску. Самі пытанні - на розныя тэмы, на агульнае развіццё - падбірае спецыяльны рэдактар, а мы ўжо ў працэсе здымак абмяркоўваем, у якой чарговасці іх лепш задаваць. І, ведаеце, тут ніколі не ўгадаеш. Нам пытанне здаецца простым, а на яго ніхто не можа правільна адказаць - напрыклад, "Чым заканчваецца дзень і ноч?" (у рускай мове - мяккім знакам. - Аўт.) І наадварот, ёсць пытанні, якія мы называем "небяручкі": упэўнены, што іх ніхто не возьме, а з імі першы сустрэчны спраўляецца.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.