Зоркі вучацца танцаваць, каб... паехаць на Еўрабачанне

03.03.2009
"Звязда", 3 сакавіка 2009 г.


У гэтым вераснi ў трэцi раз пройдзе мiжнародны конкурс "Танцавальнае Еўрабачанне". Першыя два спаборнiцтвы наша краiна толькi транслявала (i небеспаспяхова), а вось цяпер вырашыла далучыцца да ўдзелу.
Паводле правiлаў конкурсу - яго, як i песеннае "Еўрабачанне", ладзiць Еўрапейскi Вяшчальны саюз - удзел у iм бяруць танцавальныя пары, дзе толькi адзiн партнёр - прафесiйны танцор, а другi - вядомы ў сваёй краiне чалавек, але ў якой-небудзь iншай галiне. Напрыклад, ад Расii на конкурсе летась выступалi ўдзельнiкi тэлепраекта "Танцы з зоркамi", пара Таццяна Наўка-Аляксандр Лiтвiненка. Адбор прадстаўнiкоў Беларусi сёлета пройдзе таксама ў фармаце тэлевiзiйнага конкурсу - Белтэлерадыёкампанiя прыступiла да рэалiзацыi праекта "Зорныя танцы".
Як паведамiла прэс-служба БТРК, нацыянальны адборачны тур - праект "Зорныя танцы" - складаецца з некалькiх этапаў. У першым туры 36 вядомых асобаў пад кiраўнiцтвам прафесiяналаў асвойваюць танга, ча-ча-ча i вальс. Рэпетыцыi, дарэчы, ужо iдуць - тройчы на тыдзень у сталiчным Палацы дзяцей i моладзi спевакi Аляксей Хлястоў, Герман, Іскуi Абалян, Венера, Вiкторыя Алешка, Алена Грышанава, Дзядзя Ваня, спартсменкi Iна Жукава i Юлiя Раскiна, акцёры Алег Коц, Руслан Чарнецкi, Валерыя Арланава, тэлевядучыя Алiна Краўцова, Ганна Эйсмант, Дзмiтрый Карась, Вольга Барабаншчыкава, Алег Цiткоў i iншыя займаюцца з харэографамi. Сюжэты з урокаў танцаў можна ўбачыць у праграме "Добрай ранiцы, Беларусь!" на Першым канале. Часу ў "зорак" зусiм нямнога - 16 сакавiка журы адбярэ 8 удзельнiкаў, якiя пройдуць у наступны тур. Для iх з лiку прафесiйных танцораў Беларуская федэрацыя танцавальнага спорту падбярэ партнёраў. Пачынаючы з красавiка кожны тыдзень па суботах 8 пар будуць паказваць журы i тэлегледачам танцавальныя нумары i атрымлiваць за iх адзнакi. Дзве пары, якiя набяруць найменшую колькасць балаў, стануць намiнантамi на выбыванне з праекта, але адну з iх гледачы змогуць "выратаваць" СМС-галасаваннем.
У фiнале з трох пар тэлегледачам трэба будзе выбраць адну. Пераможцы, якiя набяруць больш за ўсё галасоў, i будуць прадстаўнiкамi Беларусi на конкурсе "Танцавальнае Еўрабачанне" (Еurоvisiоn Dаnсе Соntеst), якi пройдзе ў Баку (Азребайджан).
Вядучымi шоу "Зорныя танцы" стануць фiтнэс-iнструктар Святлана Кашыцкая i акцёр Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Я. Купалы Вiталь Макарэвiч, мастацкае кiраўнiцтва праектам здзяйсняе старшыня Беларускай федэрацыi танцавальнага спорту, дырэктар Белдзяржцырка Таццяна Бандарчук.

А далей?
"Танцавальнае Еўрабачанне" сёлета адбудзецца ў Баку на арэне спартыўна-канцэртнага комплексу iмя Гейдара Алiева. Як чакаецца, у конкурсе могуць узяць удзел да 20 краiн (летась iх было 14, а транслявалi конкурс 24 краiны). У шоу, разлiчаным больш як на 2 гадзiны, пары павiнны будуць прадэманстраваць танец у свабоднай харэаграфii з выкарыстаннем нацыянальных матываў краiны, ад якой яны выступаюць. Пераможцамi становiцца пара, якая набярэ найбольшую колькасць балаў ад тэлегледачоў i журы, складзенага з прафесiйных танцораў.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.