Зноў першыя

04.06.2005
"Культура", 4 чэрвеня 2005 г.


29 мая ў г.Гайнаўка (Польшча) гала-канцэртам лаўрэатаў завяршыўся Міжнародны фестываль "Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі". Першая ўзнагарода фестывалю была прызначана Дзяржаўнаму акадэмічнаму хору радыё і тэлебачання Беларусі і Камернаму хору Харкаўскай філармоніі з Украіны.
На заключным гала-канцэрце, які адбыўся ў Саборы Святой Тройцы ў Гайнаўцы, прысутнічалі Прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі, Маршал Сейма Польшчы Уладзімеж Цімашэвіч, Мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава, дэпутаты Сейма і Сената, прадстаўнікі рэгіянальных улад і грамадскасці.
На працягу васьмі дзён у межах фестывалю выступілі больш за 20 хароў з Польшчы, Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Грузіі, Украіны, Балгарыі, Грэцыі, Сербіі і Чарнагорыі, у тым ліку 7 свецкіх і царкоўных хароў з Беларусі.
Выступленне Дзяржаўнага акадэмічнага хору радыё і тэлебачання Беларусі пад кіраўніцтвам праф. Віктара Роўды атрымала высокія ацэнкі публікі. 3 вялікім поспехам беларускі хор выканаў творы С.Рахманінава, А.Архангельскага, А.Струмскага. Пачынаючы з 2002 года, хары з Беларусі штогод атрымліваюць першыя ўзнагароды Гайнаўскага фестывалю, які з'яўляецца адным з найбольш прэстыжных фестываляў царкоўнай музыкі ў Еўропе.

Прэс-служба Міністэрства замежных спраў РБ.