Знакамiтыя сучаснiкi - "без гальштукаў"

14.03.2008
"Звязда", 14 марта 2008 г.


Убачыў свет першы ўласны праект мiжнароднага спадарожнiкавага тэлеканала "Беларусь-ТБ" - цыкл праграм "У мяне сёння выхадны". Распавядае ён пра нашых выбiтных сучаснiкаў - дзеячаў палiтыкi, эканомiкi, навукi, культуры i мастацтва, але не ў рабочай абстаноўцы, а ў атмасферы адпачынку.
Праўда, як падкрэслiвае рэжысёр праекта Анжэлiка Аверкава, "вядомая асоба нават на адпачынку не можа сабе дазволiць не думаць пра работу, таму пытаннi будуць тычыцца не толькi асабiстага жыцця, але i прафесiйнай дзейнасцi". Акрамя самiх герояў, з якiмi вядучая Алена Мiхалоўская сустракаецца ў месцах iх традыцыйнага адпачынку (на дачы, спартыўнай базе, у майстэрнi, на паляваннi цi рыбалцы i г.д.), у размовах бяруць удзел члены сям'i папулярнага чалавека, яго калегi i сябры. Героямi першых выпускаў праекта "У мяне сёння выхадны", напрыклад, сталi галоўны дырыжор, мастацкi кiраўнiк Дзяржаўнага акадэмiчнага сiмфанiчнага аркестра Беларусi Аляксандр Анiсiмаў, Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Беларусi i Расii Павел Барадзiн, заслужаны архiтэктар Беларусi Леанiд Левiн. Назiраць за тым, як бавяць выхадныя вядомыя персанажы, гледачам прапануецца таксама ў выхадны дзень - кожную суботу, у ранiшнiм эфiры "Беларусь-ТБ".