Злыя людзі на БТ,

18.10.2002
"Звязда", 18 кастрычніка 2002 г.


Начны эфір - справа добрая, асабліва для тых, хто вядзе начны спосаб жыцця ці пакутуе ад бяссоніцы. Раней адзінае, што прапаноўвалі большасць каналаў апоўначы - каляровыя палоскі і нуднае пішчанне. Зараз жа - калі ласка, да вашай увагі музыка, ток-шоу, карысныя парады і прыемныя навіны. І ўсё гэта не дзе-небудзь, а на родным БТ

Паслухаўшы цікавых анонсаў, уключыў неяк і я тэлевізар а палове дванаццатай. Тамара Лісіцкая (гэта ж, здаецца, радыёвядучая?) абвясціла: "На Першым нацыянальным канале - "Дзённік жанчыны". Ну, думаю, зараз адпачну, пагляджу на прыгожыя жаночыя тварыкі, паспачуваю іхнім бедам, падслухаю маленькія хітрыкі...
А то як жа, раскаціў губу.Спачатку напітаўся карыснымі парадамі, як зрабіць добрае ўражанне на работадаўцу і як рабіць дзелавы макіяж. Потым хвілін дваццаць глядзеў "Кліп-абойму". Далей даведаўся, што думаюць наконт жаночай касметыкі мужчыны. Карыстаючыся выпадкам, далучаю свой голас. Мілыя дамы! Нават калі сто мужчын скажуць, што яркая памада ім не падабаецца, вы ж не перастаеце ёю фарбаваць свае вусны?
Што асабліва спадабалася, дык гэта рэцэпты страў з курыцы ад шэф-повара Руслана Андрэева. Слінкі пацяклі. А калі пачуў пра ўсе інгрэдыенты і прыкінуў іх кошт - у горле перасохла. Лепш па старой завядзёнцы бутэрбродам павячэраць.
Спачатку нейкая мадам Петухова, а потым яшчэ шэсць абаяльных жанчын на чале са Святланай Кашыцкай задаваліся пытаннем, дзе ў наш час узяць мужчын, як пазнаёміцца і чым утрымліваць. Проста нейкія інструкцыі для паляўнічых!
Але гваздом (у труну) праграмы стала "Школа зласлоўя". Дзве дзяўчыны з прыстаўкай "начныя" (шчыра кажучы, выклікае пэўныя асацыяцыі) з розных бакоў насядалі на Сяргея Кузіна, абвінавачваючы яго ва ўсіх магчымых грахах і комплексах. Кузін весела і "зубаста" адмахваўся. А дзяўчаткі ж - змораныя нейкія, ледзь ад канапы адрываюцца... Пад канец ужо гаварыць не маглі, толькі прамыкалі нешта пяшчотнае на развітанне.
А ў завяршэнне захапляльнай праграммы я яшчэ дзесяць хвілін слухаў пра ядомыя і ядавітыя кветкі, і асабліва - пра раслінныя наркотыкі. Самае тое для спакойнай ночы...
Шчыра кажучы, я чамусьці лічыў, што ў жаночай перадачы размова павінна весціся ў першую чаргу пра жанчын, пра моду, медыцыну, знакамітасцяў, аэробіку, мастацтва, астралогію, здароўе - пра ўсё пакрысе. Аднак, атрымліваецца, галоўныя тэмы для прыгожай палавіны чалавецтва - ежа, касметыка і мы, мужчыны?

Васіль НЕЧАПАЕЎ.