Жыццё як ток-шоу

18.01.2008
"Звязда", 18 студзеня 2008 г.


Паводле статыстыкi, апошнiм часам журналiстыка робiцца ўсё больш жаночай, i нават на кансерватыўным тэлебачаннi ад 60 да 70 працэнтаў супрацоўнiкаў - жанчыны. I спажываюць тэлепрадукт больш актыўна i ахвотна таксама жанчыны, за выключэннем хiба што спартыўных трансляцый. Таму ўсё большую папулярнасць набiрае фармат жаночага ток-шоу - праграмы, якую робяць жанчыны для жанчын i пра жанчын. "Першае жаночае ток-шоу" - так прадстаўляе свой новы праект "Жыццё як жыццё" Першы канал.
Вядучая ток-шоў - актрыса i спявачка Вольга Палякова - прапануе абмяркоўваць праблемы, з якiмi ўсе мы сутыкаемся штодня: пошук каханага чалавека, выхаванне дзяцей, здаровы лад жыцця, адаптацыя састарэлых людзей у сучасным грамадстве i г.д. Канкрэтныя гiсторыi на гэтыя тэмы распавядаюць госцi праграмы. Гэтаксама парадамi i меркаваннямi на тэму кожнага чарговага выпуску праекта дзеляцца папулярныя ў Беларусi асобы - акцёры, спартсмены, музыканты, палiтыкi. Нарэшце, яшчэ адзiн погляд на закранутыя праблемы прадстаўлены ў расiйскiм гульнявым серыяле "Жыццё як жыццё", фрагменты з якога будуць паказвацца ў праграме.
Праграма будзе выходзiць у дзённым эфiры Першага кожную пятнiцу, пачынаючы з 25 студзеня, з паўторам па панядзелках. Некалькi выпускаў ужо зняты. Тэмай першага, напрыклад, стала "Жыццё як цуд" - гаворка пойдзе пра нечаканыя сустрэчы, якiя сталi "кропкай адлiку", прыгожыя гiсторыi кахання i iншыя падарункi лёсу.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.