"Жыццё віруе не толькі ў горадзе"

20.06.2014
"Звязда", 20 чэрвеня 2014 г.


Другі сезон навукова-папулярнага дэтэктыва "Tеrrа іnсоgnіtа. Беларусь невядомая" на тэлеканале "Беларусь 1" стартаваў на мінулым тыдні. Стваральнікі праграмы прапануюць гледачам чарговую серыю ўнікальных праграм, дзе іх чакае поўнае экстрыму падарожжа па Беларусі, падчас якога з'явіцца магчымасць зазірнуць за межы ўласных ведаў. Пра закадравыя прыгоды і непаўторныя ўражанні - аўтар праекта Ксенія Луцкіна.

- 13 чэрвеня адбылася прэм'ера другога сезона "Tеrrа іnсоgnіtа. Беларусь невядомая". Што чакае гледачоў у новых выпусках?
- Шмат цікавага. Мы, пачынаючы праект, выбралі канцэпцыю навукова-папулярнага шоу-дэтэктыва. Таму для нас саміх кожны выезд на здымкі - гэта сюрпрыз, бо і для сябе мы многае адкрываем. Тут такая колькасць тэм, што праект можна рабіць бясконца. У нас праграма экалагічнай накіраванасці - такая задума была з самага пачатку. Вырашылі ісці шляхам апавядання пра нейкія тэрыторыі, якія нават калі і на слыху, ведаем мы пра іх мала. А заўсёды ж цікава, як і што ўнутры, чаму так і г.?д. Паглыбляешся ў нейкую тэму, і пачынаецца той самы дэтэктыў, які ў кожнага ўдзельніка здымачнай групы свой. Вельмі важна, якую інфармацыю ты збярэш і якім будзе канчатковы вынік.

- У чым адметнасць другога сезона?
- Хочам зрабіць серыю падводных праграм. Летась у нас ужо быў такога кшталту вопыт, мы шукалі Нэсі ў Беларусі. Апускаліся на дно самага глыбокага возера краіны - Доўгага, што ў Глыбоцкім раёне. У новым сезоне хацела б прадоўжыць гэты напрамак. На прыкмеце ўжо пяць месцаў, куды, на мой погляд, зазірнуць трэба абавязкова. Напрыклад, у нас ёсць азёры, дзе водзіцца рыба сняток - яна захавалася з часоў пасляледніковага перыяду. І ўсяго толькі два чалавекі засталіся з тых, хто ўмее яе правільна лавіць і гатаваць. У кіно такіх людзей называюць "знікаючая натура". Мне вельмі хацелася б не ўпусціць момант і зрабіць пра гэта праграму. Раз цікава мне, то і іншых змагу зацікавіць. Яшчэ ў Беларусі ёсць месца, дзе сто крыніц б'юць амаль з адной кропкі. І ў новым сезоне будзе добрая праграма аб перапрацоўцы смецця.

- Збіраецеся здзіўляць нейкім эксперыментам?
- Не тое што эксперыментам, проста будзе праграма экалагічнай накіраванасці. Праблема смецця насамрэч вельмі баліць многім. Бывае, нават здзіўляешся месцам, у якіх сустракаеш яго. Больш за ўсё мяне ўразіла ўбачанае на гары Маяк у Браславе. Там на самым высокім месцы ёсць альтанка, і ў ёй пад купалам надпіс плаўленым пакетам: "Тут быў Вася". Тэму смецця мы даволі доўга абмяркоўвалі і хацелі агучыць. І вось пабывалі ў горадзе Масты, дзе працуе праграма па раздзельным зборы смецця, і яна даведзена да лагічнага завяршэння. Калі бачыш, як на закрытым палігоне расце лес, гэта ўражвае.

- Што дае вам штуршок для пошуку тэм?
- Тут усё вельмі па-рознаму бывае. Часам слова дастаткова, каб пачаць даследаванне. Я з першага дня працую ў навукова-папулярным жанры, гэта, безумоўна, уплывае на фармат мыслення. Ведаеш шмат людзей насамрэч зацікаўленых. Акрамя таго, я вучуся ў аспірантуры Белдзяржуніверсітэта, і багаж ведаў, набыты там, таксама пастаянна папаўняецца. А ў выніку, працуючы на стыку навукі і тэлебачання, я нават многія гістарычныя тэмы адкрыла для сябе па-новаму. Просты прыклад: пра казацка-сялянскі рух ведае кожны дзевяцікласнік. Аднак звярніце ўвагу, казакі ходзяць вакол "трох" населеных пунктаў. Чаму яны там ходзяць, пакуль не ўбачыш тыя месцы, не зразумееш. Аказваецца, дарог не было. І толькі дзякуючы меліярацыі яны з'явіліся. На Палессі ёсць і сёння незаселеныя тэрыторыі. Мы туды абавязкова паедзем. Уявіце, некалькі тысяч гектараў тэрыторый - і ніводнага чалавека! Гэта балоты з астравамі. Раней тут была сельская гаспадарка. Людзі перамяшчаліся на лодках, а ў госці хадзілі адзін да аднаго зімой, калі ўсё замярзала. Мы перад сабой ставім, магчыма, экстрэмальныя задачы, бо спрабуем туды пранікнуць самі, незалежна ад пары года. Праграма ж у нас цяпер штотыднёвая. Але мы не баімся, што тэмы могуць скончыцца.

- Вы неяк казалі, што з'яўляецеся гараджанкай у сёмым пакаленні. Якія адкрыцці робіце асабіста для сябе?
- Самае галоўнае, чым была ўражана літаральна два тыдні таму,?- як наш аператар здымаў змяю на дарозе. Я спакойна гляджу, як ён за ёю бяжыць, і кажу: "Сярожа, акуратна!" У адказ: "Я бягу за вужом!". А калі гэты "вуж" знік у траве, я сказала, што здымаў ён шэрую гадзюку. Каб хто гады два таму сказаў, што я змагу так на ўсё спакойна рэагаваць, не паверыла б. А цяпер ведаю: не чапай змяю, і яна цябе не пакусае. Яны баяцца нас больш, чым мы іх... Нельга рабіць такія праграмы, калі табе нецікава. Абыякавасць не дасць нічога, акрамя абыякавасці гледача. А ў нас чым далей "у лес", тым больш інтарэсу, і ён толькі ўзрастае. Сёлета для мяне сапраўдным адкрыццём стаў Тураўскі луг. Мы там плавалі на байдарцы, таксама любаваліся птушкамі. Прыгожыя карціны, якія бачыш у такіх падарожжах, нават складана апісаць. Плюс да ўсяго, у нас жа навукова-папулярная праграма, таму шукаем адказы на пытанні, каб патлумачыць прычыну і вынік, даведацца больш.

- Непрадбачаныя сітуацыі часта здараюцца?
- Якое надвор'е выпадае на час здымак, пры такім і працуем. З гэтай нагоды члены групы нават жартуюць, што я магу спыніць любы рух на вуліцы горада, калі патрэбна, а вось надвор'е "замовіць" не заўсёды ўдаецца. Ідзе дождж альбо свеціць сонца - мы здымаем. Ездзім на кані, балотаходзе, ходзім па балоце, працуем пры аранжавым узроўні небяспекі. Мы прафесіяналы, і калі бярэмся за такую справу - павінны ведаць, на што ідзём і чаго хочам дасягнуць.

- На такіх сустрэчах з прыродай удаецца адчуць еднасць з ёю, гармонію?
- Мы не турысты, і здымкі праходзяць у напружаным графіку. Часу ў нас няшмат, а задач для выканання багата. Але, калі выпадае, то спыняешся і атрымліваеш асалоду ад назірання за навакольнымі пейзажамі... Вось у нас будзе дзве праграмы са Столінскага раёна, дзе спачатку шукаем радзіму Змея Гарыныча, а потым расказваем пра комплекс Альманскіх балот. Калі рабілі другую праграму, то былі ў месцы, дзе ў радыусе 40 кіламетраў няма ніводнага жыхара. Там вельмі цікавы чалавек працуе вартаўніком, егерам у тых мясцінах. Ён па шапаценні лістоты можа сказаць вам, які звер ідзе, альбо па мелодыі распазнаць птушку. А ў Белавежскай пушчы мне адзін супрацоўнік сказаў: "Прыязджай вясной, будзем слухаць, як трава расце!" Яны чуюць нават такое... Атрымліваецца, калі ты аказваешся далёка ад дарогі, дзе ўсе ходзяць, вельмі абвастраюцца ўсе пачуцці. Ты чуеш тое, чаго ў горадзе пачуць не здольны.

- Працуючы на праекце, не думалі пра тое каб жыць не ў горадзе?
- Я жыву ў цэнтры Мінска, але нас з братам з ранняга ўзросту вывозілі на прыроду. Па два тыдні мы жылі ў палатках з бацькамі. І таму такія ўмовы жыцця для мяне не новыя. Класічнага дзяцінства ў вёсцы ў мяне не было, бо мае дзядулі і бабулі жылі ў гарадах, большых за наш. Аднак нас выхоўвалі з пазіцыяй, што карысна ведаць жыццё не толькі ў горадзе. Іншая справа, што ў горадзе чалавек па-іншаму ставіцца да прыроды і ўспрымае яе. Трапляючы ў месцы, амаль не кранутыя цывілізацыяй, ты разумееш розніцу. Я не стала б гаварыць пра "яднанне" з прыродай, але ўсведамленне іншай філасофіі жыцця адбываецца. Там адчуваеш, як важна ва ўсёй нашай гарадской мітусні знаходзіць час для паўзы. Каб сесці, паслухаць цішыню - і пачуць сябе.

Алена ДРАПКО.