Жарсцi па каханню i ... уладзе

27.02.2008
"Звязда", 27 февраля 2008 г.


На тэлеканале "ЛАД" стартаваў цыкл гiстарычных праграм "Жарсць i ўлада". Гэты праект распавядае пра дзесяць гiсторый кахання, якiя, у сваю чаргу, змянялi ход гiсторыi для цэлых народаў.
Дзяўчынка з Бярэсця вырастае ў "асобу нумар адзiн" у Маскве, пекар атрымлiвае ў жонкi высакародную паненку, жанчына здзяйсняе замах на бацьку пяцярых сваiх дзяцей... Гэтыя выпадкi i самi па сабе прыцягваюць увагу - а калi дадаць, што гаворка iдзе пра Рагнеду i Уладзiмiра, Соф’ю Гальшанскую i Ягайлу, Алену Глiнскую i Васiля III, Марту i Мiндоўга, то цiкавасць узрастае ў шмат разоў. У iмя кахання адны моцныя асобы здзяйснялi подзвiгi, другiя iшлi на злачынствы. I кожны такi цалкам рэальны сюжэт з жыцця нашых продкаў - больш захапляльны, чым галiвудскiя касцюмiраваныя кiнаэпапеi.
Работу над праектам аўтар праграмы Аляксандра Красько, рэжысёр Ігар Сівіцкі і аператар Руслан Сілюк вялі амаль паўтара года, а ў здымках, якiя iшлi ў Лiдскiм замку, на Грунвальдскiм полi, у Камянецкай вежы i ў Брэсцкай крэпасцi, узялi ўдзел больш за сто чалавек. Усяго ў цыкле "Жарсць i ўлада", зробленым сiламi журналiстаў тэлерадыёкампанii "Брэст", дзейнiчаюць дзесяць пар - знакамiтых, але зусiм не абавязкова шчаслiвых, закаханых, але не заўжды ўзаемна... Гiсторыi, без якiх сённяшнi наш свет быў бы зусiм iншым.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.