Згадваем Уладзіміра Караткевіча на хвалях Першага нацыянальнага

17.07.2015

"Звязда"

На наступным тыдні з 20 па 26 ліпеня ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё ўвазе слухачоў будуць прадстаўлены праграмы, звязаныя з пісьменнікам, чыю спадчыну справядліва называюць мастацкім летапісам беларускай гісторыі, - Уладзімірам Караткевічам.

У фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат праграм, якія цесна пераплятаюцца з імем Уладзіміра Караткевіча і яго творчасцю. Увогуле, гэта ўнікальны выпадак у шматгадовай гісторыі айчыннага радыё, які сведчыць пра высокую запатрабаванасць творчай спадчыны аўтара.

Агульнае гучанне ўсіх радыёзапісаў (і дакументальных, і мастацкіх) складае больш за 60 гадзін! Першая работа датавана 1959 годам - радыёспектакль "Млын на Сініх Вірах". 24-26 ліпеня ўвазе слухачоў у "Тэатры Беларускага радыё" будзе прадстаўлены спектакль у трох частках "Нельга забыць" паводле аднайменнага рамана пісьменніка. Галоўны герой Андрэй Грынкевіч, нашчадак удзельніка паўстання 1863 года, прыязджае на вучобу ў Маскву, дзе сустракаецца з Ірынай Горавай, радавод якой таксама звязаны з тымі гістарычнымі падзеямі ХІХ стагоддзя. Лёс дорыць абаім сапраўднае высокае пачуццё, якое лічаць падарункам нябёсаў… Аўтар інсцэніроўкі для радыё - Тамара Абакумоўская, рэжысёр - Валерый Анісенка, кампазітар - Алег Залётнеў. Запіс з фондаў Беларускага радыё 1985 года.