Займальныя ўрокі цётачкі Савы

12.06.2015

"Звязда"

Аб’ём дзіцячага вяшчання на "Беларусь 3" павялічаны.

На час летніх канікул тэлеканал "Беларусь 3" значна пашырыў лінейку праграм і фільмаў для сваіх юных гледачоў. Цяпер доля дзіцячых праграм на канале складае чвэрць ад агульнага аб’ёму вяшчання. На працягу ўсяго лета ў эфіры будзе выходзіць абноўленая праграма "Дабраранак", дзіцячыя стужкі кінастудыі "Беларусьфільм", экранізацыі твораў са школьнай праграмы і яшчэ больш мультфільмаў.

Пачынаць свой дзень маленькія гледачы могуць з ранішнім "Дабраранкам" (штодзённа па буднях у 7.20). Вядучы праграмы, медзведзяня Топа, прымераў на сябе ролю вандроўніка. Разам з тэлеаўдыторыяй ён будзе наведваць самыя цікавыя мясціны Беларусі.

Набыць энергію на ўвесь дзень дапаможа вясёлая зарадка. У кампаніі летняга "Дабраранку" тройчы на тыдзень вы зможаце знаёміцца з папулярнымі відамі спорту, незвычайнымі прафесіямі, правіламі дарожнага руху. Аўтары праекта абяцаюць, што сумна не будзе!

Акрамя гэтага, цяпер у кожным летнім выпуску будуць паказваць тры мультфільмы: серыю займальных урокаў цётачкі Савы, анімацыйны серыял "Белка і Стрэлка: свавольная сямейка" і мультфільмы беларускіх аніматараў.

Таксама анімацыйныя падборкі для дзяцей будуць выходзіць і асобным блокам тры разы на тыдзень: у панядзелак, сераду і пятніцу.

Дзяцей школьнага ўзросту ў эфіры "Беларусь 3" па аўторках і чацвяргах чакаюць паказы дзіцячых фільмаў кінастудыі "Беларусьфільм", сярод якіх усімі любімыя "Прыгоды Бураціна", "Казка пра Зорнага хлопчыка", "Горад майстроў", "Прададзены смех", "Пітэр Пэн", "Рыжы, сумленны, закаханы" і шэраг іншых карцін.

А пра тое, як ствараліся любімыя кінастужкі і што стала з іх героямі, расказваць будзе дакументальны цыкл "Старыя казкі".

За час школьных канікул школьнікі таксама змогуць пазнаёміцца з экранізаванымі творамі са школьнай праграмы. Не прапусціце ў эфіры кожную сераду і пятніцу!