Заяўка на перамогу

11.05.2004
“Звязда”, 11 мая 2004 г.


Заўтра ў Турцыi адбудзецца паўфiнал конкурсу “Еўрабачанне-2004”, на якiм упершыню прадстаўлена i Беларусь. Нашы ўдзельнiкi, дарэчы, мяркуючы па апошняй iнфармацыi са Стамбула, маюць вельмi неблагiя шанцы на тое, каб трапiць у дзесятку лепшых i - заваяваць пуцёўку ў фiнал.
Ужо пасля першай рэпетыцыi ў Турцыi дуэт “Аляксандра i Канстанцiн” трапiў пад увагу журналiстаў з усяго свету: адны захаплялiся арыгiнальнай выканаўчай манерай Аляксандры (параўноўвалi нават яе вакал з iрландскiмi народнымi песнямi), другiя пачалi суцэльнае папарацы-паляванне на дуэт. Прэс-канферэнцыi беларусаў ператварылiся ў акустычныя канцэрты з выкарыстаннем гiтары, акарыны i iншых падручных iнструментаў; замежнiкам настолькi спадабалiся гэтыя iмпрэзы, што дуэту прапанавалi запiсаць конкурсную песню “Мой Галiлей” на розных мовах - у прыватнасцi, на адной з афрыканскiх гаворак. Прома-матэрыялы беларусаў - кампакт-дыскi, буклеты, календары, фотаздымкi - вокамгненна разышлiся “на памяць”. Калi ж Канстанцiн меў неасцярожнасць узгадаць пра паход на стамбульскi кiрмаш i пра пярсцёнак, куплены там для Аляксандры, замежная прэса расцанiла гэта як заручыны дуэта (ну патрэбна ж для iнтрыгi прыгожая рамантычная гiсторыя!) i пачала выпытваць дату вяселля. Акрамя таго, гарачыя туркi (маецца на ўвазе моцная iх палавiна) арганiзавалi групу падтрымкi беларусаў - актыўнасць гэтага iмправiзаванага фан-клуба нават вымусiла адмiнiстрацыю конкурсу ўзмацнiць ахову нашых артыстаў да дзевяцi прадстаўнiкоў службы бяспекi i дзвюх палiцэйскiх машын.
У першапачатковых сцэнiчных уборах дуэта адбылiся пэўныя змены - перш за ўсё гэта датычыцца абутку. Нечакана высветлiлася, што сцэна “Еўрабачання-2004” надзiва слiзкая, так што на чаравiкi Аляксандры давялося паставiць iншыя набойкi. Каб больш выразна падкрэслiць жаноцкасць i мiнiяцюрнасць спявачкi, беларуская дэлегацыя канчаткова вызначылася, што выступаць Саша будзе ў сукенцы. Акрамя таго, спецыяльна для дуэта на чарговай рэпетыцыi былi па-новаму ўстаноўленыя камеры i рампы - з мэтай прадставiць беларусаў у найлепшым святле (у прамым i пераносным сэнсе).
На жаль, па цяперашнiх правiлах “Еўрабачання” мы не маем магчымасцi галасаваць за сваiх удзельнiкаў. Але ўключыць у сераду ў 21.45 па нашым часе тэлевiзар i “пахварэць” за дуэт не толькi не забаронена, але i пажадана. Нездарма ж перад ад’ездам у Стамбул Саша з Косцем папрасiлi прыхiльнiкаў: “Проста думайце пра нас добра...”. Нагадаю: беларускi дуэт выступiць у паўфiнале пад другiм нумарам, адразу пасля Фiнляндыi. Засталося толькi пажадаць “Аляксандры i Канстанцiну” 12 балаў - як мага больш!

ДЛЯ ДАВЕДКI
Першы “Вялiкi прыз Еўрабачання” (апошняе слова, дарэчы, выпадкова прыдумаў брытанскi журналiст) прайшоў вясной 1956 года ў Лугана (Швейцарыя). Тады ў конкурсе маглi прымаць удзел 10 краiн, з якiх толькi 7 - Бельгiя, Францыя, Iталiя, Люксембург, Нiдэрланды, Швейцарыя i ФРГ - зрабiлi ўсё па правiлах i былi дапушчаныя непасрэдна да спаборнiцтваў. Фiнансаванне ажыццяўлялася проста i справядлiва: канкурсанты самi пакрывалi свае выдаткi, а краiна-арганiзатар аплачвала правядзенне фiналу.
У той час дазвалялася выконваць дзве песнi, якiя краiны-ўдзельнiцы вызначалi ўнутрынацыянальным адборам - каб зрабiць конкурс максiмальна папулярным. Не iснавала нiякiх абмежаванняў наконт мовы выканання, колькасцi выканаўцаў на сцэне i г.д., толькi лiмiт часу: 3,5 мiнуты. Журы (па два дэлегаты ад кожнай краiны) глядзела конкурс на тэлеэкране i выстаўляла на спецыяльным бланку адзнакi за кожную песню - ад 1 да 10, прычым дэлегаты маглi галасаваць i за сваю ўласную краiну. Прыза як такога не было - краiне-пераможцы проста давалася права ў наступным годзе правесцi "Еўрабачанне" ў сябе. Пераможцам конкурсу 1956 года, мiж iншым, стала Швейцарыя з песняй “Refrain”, якую выканала Лiз Асiя.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.