Заслужаны калектыў Беларусі ансамбль народнай музыкі “Бяседа” тры дні будзе гасціць на Гродзеншчыне

03.09.2015

По сообщению grodnonews.by

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Бяседа” тры дні будзе гасціць на Гродзеншчыне, радуючы сваёй творчасцю жыхароў прынёманскага краю. Маштабную акцыю “Любіць Беларусь” тэлеканал “Беларусь 3” Белтэлерадыёкампаніі распачаў сумесна з Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь”.

Першымі знакамітую “Бяседу” ўчора ў зале Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў віталі гродзенцы. Перад канцэртам мастацкі кіраўнік калектыву народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны і салісты ансамбля Таццяна Лазоўская і Валянцін Кірыленка расказалі журналістам мясцовых СМІ аб новым творчым праекце, мэта якога – папулярызацыя каштоўнасцей нацыянальнай культуры, роднай мовы і песні. Леанід Захлеўны, дарэчы, наш зямляк, зазначыў, што хвалюючым і адказным лічыць момант старту акцыі ў Гродна, дзе яго гасцінна сустракае малая радзіма.

Канцэрт “Бяседы” ў горадзе над Нёманам прайшоў з аншлагам. З першых музычных акордаў і да апошніх артысты і слухачы сталі адзіным цэлым, дарылі адзін аднаму асалоду ад эмацыянальнай сустрэчы. За песні, знаёмыя і новыя, дзякавалі авацыямі, хіты гучалі на біс, а развітвацца і ўвогуле ніхто не хацеў.

Сёння спяваць разам з артыстамі “Бяседы” будуць лідчане, а заўтра калектыў чакаюць у Слоніме.

Ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах краіны адбудуцца выступленні ансамбля “Бяседа”, а фінальны гала-канцэрт плануецца правесці 10 кастрычніка ў Мінску.

Як падкрэсліў Леанід Захлеўны, падчас выступленняў будуць праводзіцца здымкі, вынікам якіх стане цыкл тэлепраграм, іх з цягам часу пабачаць беларускія гледачы.

Жанна ЯНЧЭЎСКАЯ.