Зараз спяю - "Што-небудзь"

03.01.2004
"Звязда", 3 студзеня 2004 г.


Вы ведаеце Ларысу Грыбалёву? "Вядучую? - удакладнiце вы. - Хто ж яе не ведае!". А я маю на ўвазе хоць i таго ж самага чалавека, але iншую асобу - Ларысу Грыбалёву, спявачку.

Калi нехта прызабыў, нагадаю: першую адукацыю Ларыса атрымала ў Беларускiм унiверсiтэце культуры, i ў яе працоўнай кнiжцы чорным па беламу пазначана: "артыстка-вакалiстка". I вось ужо амаль 10 гадоў спявачка з’яўляецца салiсткай Дзяржаўнага канцэртнага аркестра РБ пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Фiнберга, запiсваецца, гастралюе. Проста, напэўна, гэта такая ўласцiвасць тэлебачання - акцэнтаваць увагу толькi на нейкiм адным баку жыцця; таму i Ларыса ў суграмадзян асацыiравалася перш за ўсё з праграмай "Усё нармальна, мама!" i "Добрай ранiцы, Беларусь!". Да таго ж яркую, заўважную дзяўчыну запрасiлi на работу ў Маскву - на прэстыжныя каналы ГРТ i РТР. Да таго ж пяць месяцаў таму ў яе нарадзiлася дачка Алiса. Тут ужо, здаецца, не да песень!

Аднак гэта толькi здаецца. "Ларыса - самае ўражальнае i самае элегантнае "дзiця" Першага нацыянальнага тэлеканала, - адзначаюць яе калегi-тэлевiзiйнiкi, - i дэбютны альбом "Што-небудзь" з’яўляецца лагiчным працягам яе кар’еры". А пасля першага дыска супрацоўнiкi БТ, якi выступiў iнфармацыйным спонсарам гэтай падзеi, зычаць каляжанцы выпусцiць яшчэ не менш за 20 альбомаў. Кволую i элегантную Ларысу пад уражаннем ад паспяховага дэбюту добразычлiвыя крытыкi нават назвалi "магутнай цаглiнай у фундаменце беларускага шоу-бiзнэсу".

А сама "iмянiннiца" - iнакш не скажаш - прызнаецца, што iдэя запiсаць 11 песень (i клiп на загаловачную "Што-небудзь") прыйшла ў галаву, калi спявачка была цяжарная. "Вельмi хацелася, каб дачка мной ганарылася", - крыху сарамлiва прызнавалася на прэзентацыi маладая мацi. Да складання сольнага альбома Ларыса, якая выканала таксама ролю "сама сабе прадзюсар", iшла нават не днi, а гады. У вынiку атрымалася так, што на кожную песню дыска можна было б скласцi асобны альбом - вельмi ўжо розныя ўсе сабраныя кампазiцыi. Як кажа сама Ларыса: "Мне здаецца, што любому з жыхароў нашай краiны хоць адна песня з альбома ды спадабаецца, закране душу. Пэўна, гэта дзiця для мяне - самае галоўнае пасля дачушкi Алiсы. Вельмi хочацца, каб мяне ведалi не толькi як вядучую, але i як спявачку".

Што варта адзначыць, альбом атрымаўся вельмi якасным - зрэшты, як i чорна-белы клiп у стылi старых савецкiх кiнафiльмаў, якi ўжо трапiў у ратацыю тэлеканалаў. Па кантрасту з многiмi аляпаватымi непрафесiянальнымi "шэдэўрыкамi", ролiк сапраўды стыльны i - не папсовы, а менавiта эстрадны. Другая адметнасць альбома - склад аўтараў i выканаўцаў. Ведаеце, хто напiсаў 80 працэнтаў песень для "Што-небудзь"? Трымайцеся за крэслы, нiзавошта не здагадаецеся - вядомы тэлепрадзюсар Ягор Хрусталёў! Ён, аказваецца, "уцiхую" пiша яшчэ з часоў журфака (iснаваў там некалi гурт "ББ", якi выконваў рок-н-рольныя, жартоўныя i часам лiрычныя песнi), а Ларыса яго творы прапускае праз сябе, спявае, i ўсё атрымлiваецца - пра каханне... Кампазiцыю "Я мама" стварылi сумесна Кiрыл Слука (!) i Iван Луцэнка, натхнёныя Ларысiнай цяжарнасцю. А яшчэ ў запiсе прымалi ўдзел у розных iпастасях Аляксандр Яфiмiк (увесь мужчынскi вакал на пласцiнцы належыць яму), Анатоль Чэпiкаў, Iгар Тычына, гiтарыст Сяргей Трухановiч, скрыпачка Iрына Касцюкевiч, бэк-вакалiстка Таццяна Сiдарэнка... Карацей, праца зроблена сапраўды грандыёзная - гэта называецца "будавалi мы, будавалi i нарэшце пабудавалi".

Ларыса Грыбалёва знарок пастаралася выпусцiць гэты дыск менавiта ў 2003 годзе - балазе, прыбытак, у прамым i пераносным сэнсе, адыходзячы год прынёс спявачцы i вядучай сапраўды добры, i альбом залiчыўся ў агульную скарбнiцу: можа, як падарунак да юбiлею (хто дасць веры, што Ларысе 30 гадоў?), можа, як другое дзiця... Скажу адно: калi кожны выканаўца пачне так спяваць "што-небудзь", у iснаваннi беларускага шоу-бiзнэсу сумнявацца не давядзецца. Зрэшты - слухайце самi i рабiце высновы!

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.