Запрашэнне на праменад

28.11.2014
"Звязда", 28 лістапада 2014 г.

 
Для прыхільнікаў яркага і насычанага жыцця добрая навіна ад тэлеканала "Беларусь 3": 5 снежня адбудзецца прэм'ера інфармацыйна-забаўнага шоу "Культурны праменад". Цікавыя падзеі, аўтарытэтныя меркаванні - і ўсё гэта ў прамым эфіры.
Праграма будзе выходзіць па панядзелках і пятніцах. У канцы тыдня вядучыя праекта вырашаюць, куды ж пайсці ў выхадныя, а ў панядзелак прадстаўляюць тэлегледачам поўную справаздачу пра свой культпаход і ўражанні ад яго.
- Асаблівасць праекта ў тым, што "Культурны праменад" будуць рабіць не культуролаг і мастацтвазнаўца, а неабыякавыя да мастацтва вядучыя, якія любяць жыць цікава. І хацелі б на гэта натхніць і нашых тэлегледачоў, - адзначае аўтар і адна з вядучых праграмы Алена Будрыцова. - Гледачы таксама змогуць удзельнічаць у абмеркаванні наведанага мерапрыемства, дзяліцца сваімі ўражаннямі. Напрыклад, сабраліся мы на нейкі спектакль, і яго наведаў нехта з тэлегледачоў альбо хацеў зрабіць гэта, але ў яго не атрымалася, - тады можна патэлефанаваць нам і падзяліцца сваімі думкамі наконт пастаноўкі. Па пятніцах мы будзем тэлефанаваць так званым "экспертам" - акцёрам, рэжысёрам і гэтак далей, каб стварыць поўную карціну мерапрыемства, якое плануем наведаць. Безумоўна, будзем чакаць і паведамленняў на сайце тэлеканала і ў сацыяльных сетках, дзе нашы гледачы змогуць падзяліцца сваімі рэкамендацыямі наконт культурных падзей, якія не варта абмінаць. Самыя цікавыя будуць улічвацца і агучвацца вядучымі падчас праграмы.
Плануецца, што ў аўдыторыі будзе магчымасць не толькі дыялогу з вядучымі праграмы. У перспектыве самыя актыўныя гледачы будуць запрошаны далучыцца да культурных паходаў вядучых. Дарэчы, весці праграму будзе шэсць чалавек, сярод якіх пісьменніца Тамара Лісіцкая, актрыса Марыя Федарэнка, журналіст Алена Будрыцова і фотамастакі Юрый Іваноў, Сяргей Плыткевіч і Дзмітрый Рудэнка.
Адбіралі гэтых людзей па пэўных крытэрыях. Калі казаць пра жанчын, то перш за ўсё ўлічвалі эрудыцыю і наяўнасць вопыту працы ў прамым эфіры. А вось для фатографаў лепшай "рэкамендацыяй" з'яўляліся працы, на чым спецыялізуецца кожны з іх. Так, Юрый Іваноў з задавальненнем можа адправіцца на выстаўку альбо ў тэатр, а Сяргей Плыткевіч - прыхільнік натуралізму, якому давай верталёт - і паляцелі ў поле, на прыроду. Дзмітрыя Рудэнку стваральнікі праграмы лічаць наогул універсалам. Здаецца, абмеркаванні людзей з рознымі густамі і пазіцыямі - добрая ідэя, каб паказваць тую ці іншую падзею з розных ракурсаў.
...Кожнаму з нас незалежна ад узросту, прафесіі і адукацыі па сілах разнастаіць свой вольны час цікавымі падзеямі, якія дапамогуць узбагаціцца духоўна. І не варта адмаўляцца ад магчымасці зірнуць на мастацтва з пазіцыі звычайнага гледача. Таму далучайцеся да дыялогу ў адкрытым фармаце пра найважнейшыя і адметныя падзеі ў культурным жыцці на тэлеканале "Беларусь 3" у праграме "Культурны праменад".

Алена ДРАПКО.