"Замежным беларусам" не хапае савецкiх фiльмаў, згадак пра свае каранi i навiнаў з жыцця радзiмы

03.02.2010
"Звязда", 3 лютага 2010 г.


1 лютага першы айчынны мiжнародны спадарожнiкавы тэлеканал "Беларусь-ТБ" размяняў першую пяцiгодку. І хоць iмянiннiк яшчэ зусiм малады, але пэўныя вынiкi работы, па савецкай традыцыi, кiраўнiцтва канала падвяло, а таксама агучыла перспектывы.
На момант стварэння, у 2005 годзе, асноўнай задачай некамерцыйнага дзяржаўнага канала "Беларусь-ТБ" было забяспечыць кругласутачную iнфармацыйную сувязь этнiчных беларусаў з гiстарычнай радзiмай. Пазней мэту скарэктавалi - вяшчаць у прынцыпе на ўсё рускамоўнае насельнiцтва, каму цiкавая iнфармацыя аб нашай краiне. На сёння гэта жыхары 15 краiн свету (Расiя, Украiна, Лiтва, Латвiя, Эстонiя, Арменiя, Балгарыя, Польшча, Малдова, Казахстан, Узбекiстан, Грузiя, ЗША, Аўстралiя, а з мiнулага года i Iзраiль) - усяго каля 220 мiльёнаў чалавек. "Аднак дакладна вызначыць аб'ём нашай аўдыторыi немагчыма, - удакладняе галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыi "Беларусь-ТБ" Валерый Радуцкі, - гэта не пад сiлу нiводнаму спадарожнiкаваму каналу ў свеце - хiба што тэлефанаваць i апытваць асабiста кожнага чалавека".
Зрэшты, беларускаму тэлеканалу ў гэтым сэнсе пашанцавала - ягоныя гледачы збольшага самi выходзяць на сувязь, пiшуць i тэлефануюць, дзеляцца ўражаннямi. Найчасцей выходзяць на сувязь этнiчныя беларусы з Расii, Малдовы, Казахстана, Польшчы, ЗША i Швейцарыi. "Найперш нам кажуць "дзякуй" за мастацкiя фiльмы, асаблiва з савецкай спадчыны, i музычныя праграмы, таксама вельмi цiкавяцца навiнамi, шмат водгукаў прыходзiць на праграмы "У нашым доме, у нашай хаце" - пра гiсторыю, традыцыi i культуру беларусаў, "Працадзень" - пра буднi вядучых айчынных прадпрыемстваў, праект "Каранi" - пра жыццё беларусаў у розных краiнах свету, - расказаў кiраўнiк тэлеканала. - Бывае, што i крытыкуюць, але больш не нас, а расiйскiх калегаў. Часта паступаюць просьбы i прапановы паказаць той цi iншы фiльм, канцэрт або праграму - напрыклад, былым мiнчанам нестае iнфармацыi пра Мiнск сучасны, пра тое, як змянiлася жыццё ў сталiцы. Стараемся па магчымасцi iсцi насустрач, хоць усiм не дагадзiць, безумоўна".
Але каб заставацца цiкавымi гледачу, мала толькi iсцi насустрач пажаданням, трэба i самiм шукаць новыя захады. Супрацоўнiкi "Беларусь-ТБ" з гэтай мэтай плануюць павялiчыць колькасць уласных праектаў - напрыклад, запусцiць серыю рэпартажаў-сустрэч з беларусамi розных краiн свету, стварыць ток-шоу з удзелам прадстаўнiкоў дыяспары i Камiтэта па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў. У планах таксама - засвойваць новую прастору, рушыць на Усход - у Кiтай, Iндыю i г.д. А вось пераходзiць на англамоўнае вяшчанне "Беларусь-ТБ" не плануе - але ў найблiжэйшы час абяцае дадаць у выпускi навiнаў бягучы радок на англiйскай.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.