Замест нядзельнага "Тэлебарометра" - нядзельныя "Навіны надвор'я"

11.02.2011
"Звязда", 11 лютага 2011 г.


"Тэлебарометр" змяняе фармат вяшчання
З 13 лютага ў эфіры тэлеканала "ЛАД" замест выніковага нядзельнага выпуску "Тэлебарометра" пачне выходзіць перадача "Навіны надвор'я".
Як патлумачылі "Звяздзе" ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, у адрозненне ад "Тэлебарометра", які здымалі ў Батанічным садзе, штотыднёвая выніковая праграма "Навіны надвор'я" будзе выходзіць у студыі навін. Гэта абумоўлена агульным абнаўленнем канцэпцыі праграмы.
У прыватнасці, з'явіцца інфармацыя пра надвор'е не толькі з абласцей, але і з райцэнтраў. Акрамя традыцыйных рубрык, будуць выходзіць і сюжэты карэспандэнтаў. Тэлегледачам распавядуць пра ўплыў надвор'я на здароўе чалавека, народныя прыкметы і месяцавы каляндар, будуць даваць сезонныя рэкамендацыі па пасадцы і зборы ўраджаю. Улетку праграма плануе паведамляць пра надвор'е з курортаў, якія карыстаюцца ў гледачоў найбольшай увагай.
Як прызнаюцца стваральнікі "Навін надвор'я", новы фармат будзе прадугледжваць больш цесны кантакт з гледачамі, улічваючы іх пажаданні як мага часцей.
Зменіцца таксама і графічнае афармленне праграмы - пачнуць абыгрывацца чатыры пары года, а таксама вобраз самой вядучай. Вядучая праекта Святлана Панкратава з'явіцца перад тэлекамерай у новым амплуа.
- Гэта будзе трошкі абноўлены вобраз, - расказала "Звяздзе" сама Святлана. - Галоўнае, адчуваю сябе ў ім камфортна. У новай канцэпцыі перадачы мы пашырым інфармацыю пра надвор'е, у нас з'явяцца сюжэты з рэгіёнаў, падрыхтаваныя маімі калегамі, так што з гэтага часу ў праграме будзе гучаць не толькі мой голас. Але вядучай я застаюся, як і была, - сувядучых не будзе.

Ілья ЛАПАТО.