Замах паводле мемуараў

06.05.2010
"Звязда", 6 мая 2010 г.


Да 65-годдзя Перамогi Першы канал прымеркаваў прэм'еру ваеннага дэтэктыва "Замах" (Беларусь-Расiя, 2010). Гэта 8-серыйная карцiна - ужо трэцi сумесны праект Белтэлерадыёкампанii i расiйскiх партнёраў, а таксама другая пасля серыялу "Снайпер" сумесная работа беларускага рэжысёра Аляксандра Яфрэмава i расiйскага акцёра Дзмiтрыя Пяўцова.
У аснове сюжэту фiльма "Замах" - напад дыверсантаў на аднаго з самых паспяховых расiйскiх генералаў Івана Чарняхоўскага. Той загiнуў з-за выбуху бомбы побач з ягоным аўтамабiлем, i дагэтуль невядома, была гэта выпадковасць або спланаваны замах... Зрэшты, кiнаверсiя гэтай гiсторыi на рэальныя падзеi толькi намякае, бо звязаныя з цалкам выдуманым персанажам генералам Данiлавым (Дз. Пяўцоў). Сама ж гiсторыя пачынаецца яшчэ напярэдаднi Вялiкай айчыннай вайны: генерал Данiлаў i капiтан Косцiн аказваюцца закаханымi ў адну i тую ж дзяўчыну Джан, сапернiцтва з-за якой працягваецца i ў ваенны час.
Горад, дзе жыве Джан, захоплiваюць гiтлераўскiя войскi. Дывiзiя генарала Данiлава адступае з баямi ў глыбiнi тылу. Косцiну, параненаму ў баi, удаецца пераапрануцца ў мундзiр забiтага нямецкага афiцэра i дабрацца да горада, але там капiтан трапляе ў палон, i супрацоўнiкi Абвера вырашаюць завербаваць яго. Данiлаў жа ў 1944 годзе ў вынiку паспяховай вайсковай аперацыi вызваляе практычна неразбураны горад i знаходзiць каханую дзяўчыну, але тая, перажыўшы акупацыю, стала зусiм iншым чалавекам. У гэты час у галоўнае ўпраўленне контрразведкi СМЕРШ прыходзiць шыфроўка, у якой паведамляецца, што рыхтуецца замах на Данiлава...
Прадзюсар i сцэнарыст "Замаху" Глеб Шпрыгаў мае ў актыве ўжо 5 сцэнарыяў фiльмаў пра вайну ("Снайпер", "Апошнi браняпоезд", "Чалавек вайны" i "У чэрвенi 1941-га" - у якасцi сааўтара), і тлумачыць сваю цiкавасць да гэтай тэмы так: "Я i сам часта задаваўся пытаннем, цi маю права пiсаць аб тым, чаго не бачыў, не перажыў? Але для мяне тэма вайны - неабдымная i шматслойная, у ёй вельмi многа драматычнага матэрыялу, якi можа зацiкавiць i аб'яднаць людзей розных пакаленняў".
Прэм'ерны паказ ваеннага дэтэктыва "Замах" - у вячэрнiм эфiры Першага канала з 5 па 9 мая. У ролях - Дзмiтрый Пяўцоў, Алiна Сяргеева, Данiла Казлоўскi, Аляксандр Фяклiстаў, Магдалена-Ганна Гурска, Уладас Багдонас, Павел Дэлонг, Анатоль Цярпiцкi, Iван Мацкевiч, Павел Харланчук, Iгар Сiгоў i iншыя.

Цiкавыя факты:
Здымкi "Замаху" праходзiлi на вулiцах Мiнска i Гродна, у доме-музеi Якуба Коласа i ў старадаўняй сядзiбе Святск. Менавiта ў апошняй, дарэчы, здымалi эпiзоды стралянiны i пагонi, калi група дыверсантаў Абвера нападае на штаб генерала Данiлава.
Увогуле ў карцiне шмат трукаў, сярод якiх - пагонi на рэтра-аўтамабiлях. Iх выконвалi маскоўскiя каскадзёры. Зрэшты, Дзмiтрый Пяўцоў многiя трукi рабiў самастойна.
Аўтары фiльма папярэдне вывучылi мноства дакументаў, у прыватнасцi, мемуары нямецкага шпiёна Майера - ён у свой час рыхтаваў замахi на Сталiна, Чэрчыля i Рузвельта (у Тэгеране ў 1943 годзе). Гэтыя мемуары дапамаглi стварыць вобраз здраднiка Чартова.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.