Закранаючы струны душы

17.04.2015

"Звязда"

Анатоль Длускі - пра феномен аўтарскай песні, новае пакаленне беларускіх бардаў і любімую гітару

Тым, хто рос і сталеў у Савецкім Саюзе, не трэба тлумачыць, хто такія барды і што ёсць аўтарская песня, бо гэтыя некалькі пакаленняў добра ведаюць не толькі імёны, але і творчасць Уладзіміра Высоцкага і Булата Акуджавы, Юрыя Візбара і Аляксандра Галіча, дуэта Таццяны і Сяргея Нікіціных, Веранікі Долінай і Навелы Матвеевай… Вялізныя клубы аўтараў-выканаўцаў, турыстычныя злёты, маштабныя фестывалі аматараў бардаўскай песні - у гады СССР і постсавецкі час гэты пласт культуры квітнеў і развіваўся, нягледзячы ні на якія забароны. Для цяперашніх жа меламанаў многае з пералічанага - ужо далёкая гісторыя. Больш за тое, значная частка не толькі сучаснай моладзі, але і людзей сталага веку чамусьці ўпэўнены: "няма таго, што раньш было", а барды ў нас калі і засталіся, то хопіць пальцаў адной рукі, каб іх пералічыць.

Каб пераканацца, што гэта, мякка кажучы, не зусім так, дастаткова звярнуць увагу на праект, запушчаны летась тэлеканалам "Беларусь 3" - музычна-пазнавальную праграму "Подых струн", прысвечаную менавіта аўтарскай песні.

Першапачаткова і ў гледачоў, і ў саміх тэлевізійнікаў была пэўная насцярожанасць: а раптам пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы, і ніхто з сучаснікаў на гітарныя пераборы не падцягнецца? Аднак з верасня мінулага года, калі праект толькі выйшаў у эфір, колькасць прэтэндэнтаў на ўдзел у ім не толькі не зменшылася, а вырасла ў разы. І, як прызнаюцца прадзюсары, а таксама вядучы праграмы, акцёр і аўтар-выканаўца Анатоль Длускі (сам далёка не навічок у свеце аўтарскай песні), яны нават не чакалі такой вялізнай аддачы і адкрыцця дзясяткаў новых імёнаў!

- Звярнула ўвагу, што сярод вашых гасцей пераважна сталыя людзі - маладых аўтараў-выканаўцаў, кшталту Таццяны Беланогай або Паліны Рэспублікі, зусім няшмат. Гэта выпадковасць або свядомы "адбор" суразмоўцаў з пэўным жыццёвым багажом, з якімі цікавей весці гутарку?

- Гэта адбываецца зусім не наўмысна, да таго ж, і сярод маладых выканаўцаў ёсць вельмі цікавыя суразмоўцы, напрыклад, Яўген Барышнікаў са Слоніма - хлопец, які піша вершы ў маршрутцы. Вельмі незвычайны чалавек: ён і дудар, і ўдзельнік этнаграфічных экспедыцый, і аўтар-выканаўца беларускамоўных песень. Прычым гэта не проста замалёўкі, якія добра спяваць пад гітару ля вогнішча, а вялікія балады ў адметнай стылістыцы. …Шчыра кажучы, калі старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька прапанаваў мне весці гэтую перадачу, я таксама, як многія, сказаў: "Дык у нас жа бардаў няма!" Здаецца, з кім я пачынаў 30 гадоў таму, тыя ж і засталіся ў гэтым коле, а новых імёнаў не чуваць і не відаць. Але, на маю радасць і шчасце, у Беларусі ёсць столькі таленавітай моладзі, столькі самабытных, непадобных адзін да аднаго выканаўцаў!

- За той час, што выходзіць праграма, вам удалося для сябе вызначыць, што гэта за феномен - бардаўская песня?

- "Бард", наогул, не наша слова, для мяне бліжэйшае паняцце "аўтарская песня". Бо барды, на маю думку, гэта своеасаблівыя рэвалюцыянеры, хто нясе праз музыку новыя думкі і спадзевы, чыя творчасць адкрывае іншым вочы, розум і сэрцы. Мабыць, у мяне самога быў падобны вопыт: некалі за песню "Маналог сучаснага мешчаніна", якая намякала на "прыгрэтых" чыноўнікаў, аднаму майму знаёмаму з камсамольскіх лідараў зрабілі вымову, а мне на год забаранілі выступаць у Мінску, пры тым што на канцэртах гэту песню прымалі на ўра, з захопленым ровам і стогнам… А аўтарская песня - паняцце больш шырокае, у яго могуць уваходзіць і акцёры, як я сам, і журналісты, і прафесійныя спевакі, якія самі пішуць песні… Асновай аўтарскай песні, мяркую, мусяць быць найперш вершы, добры тэкст, музыка тут - справа другасная.

У праграме вельмі доўгі час ішлі дыскусіі - усё ж жыве ці не жыве бардаўская песня. На мой погляд, гэта пытанне наогул не павінна гучаць: пакуль мы сумняваемся, значыць, не жыве. Але колькасць і разнастайнасць выканаўцаў гэтага кірунку сведчыць, што ўсё тут у парадку. Іншая справа, якім будзе далейшае развіццё. Адказ мы шукаем у кожнай праграме. Безумоўна, час дыктуе свае ўмовы, і тая лёгкасць, празрыстасць і душэўнасць "класічнай" аўтарскай песні, якая была запатрабавана раней, трансфармуюцца ў штосьці новае.

- Праект "Подых струн" адкрыў для шырокай публікі шэраг новых імёнаў. Але ў вас у гасцях былі і вядомыя прафесійныя музыканты: той жа Пётр Ялфімаў, рокер Піт Паўлаў, блюзмен Андрэй Плясанаў і іншыя. Ці раскрыліся яны з нейкага новага боку?

- Бясспрэчна. Больш за тое, многія музыканты жадаюць паказаць гледачам нейкія рэчы, што пішуцца "ў стол", тэлефануюць і просяцца: "Вазьміце мяне!" Андрэй Плясанаў сапраўды здзівіў, напрыклад, тым, як ён пераклаў на беларускую мову Высоцкага… Або Юрый Несцярэнка з Бялынічаў, які выконвае на беларускай песні "Машыны часу" (яго пераклад, між іншым, Андрэй Макарэвіч ухваліў і даў "дабро" на выкананне)! Некаторыя спытаюцца: "Ды навошта гэта трэба?" А на мой погляд, вельмі добрая ідэя, чаму б не?

Для мяне найлепшае сведчанне таго, што праграма цікавая і гледачам, і самім музыкам, - ацэнкі, якія чую па-за эфірам. Усе ж кажуць: "Ой, я не гляджу беларускае тэлебачанне". А пры сустрэчы заўважаюць, як ім спадабаўся ці не спадабаўся пэўны выпуск. Я неяк пайшоў на мастацкую выставу, так літаральна адбою не было ад знаёмых, якія жадалі падзяліцца ўражаннямі. Ядзя Паплаўская бегла праз усю залу, каб толькі сказаць: "Толічак, я выпадкова ўключыла тэлевізар і "падсела" на тваю праграму, цяпер чакаю кожны выпуск!"

- Загаварылі пра пераклады на беларускую мову, і я згадала, што "зачапіла" яшчэ ў першых выпусках праграмы - гэта двухмоўе, калі вядучы звяртаецца да героя на рускай, а той спявае і адказвае па-беларуску. Вам асабіста ў гэтай сітуацыі камфортна ці няёмка?

- Скажу так: я размаўляю па-беларуску досыць добра, але калі нехта з гасцей размаўляе нашмат лепш і гэта вельмі адчуваецца, то, каб не глуміцца з матчынай мовы, пераходжу на рускую. Хаця яшчэ калі я вучыўся ў школе, у нашай вёсцы ўсе прадметы выкладаліся па-беларуску, і багаж застаўся неблагі, але ў тэатральным інстытуце, наадварот, муштравалі, каб прыбраць з маўлення гэтыя "гэ", "чы", "ры"… Думаю, усё ж трэба арыентавацца на госця - я на 100% за тое, каб з беларускамоўным аўтарам весці гутарку па-беларуску, мне і самому так больш даспадобы.

- "Подых струн" - даволі вузкі, нішавы праект, і былі пэўныя перасцярогі, што атрымаецца праграма "музыкі для музыкаў". Але водгукі на сайце, у сацыяльных сетках, СМС-паведамленні ў эфіры сведчаць, што гледачы зацікавіліся і прынялі праграму. Ці прапануюць штосьці змяніць або ў асноўным робяць кампліменты?

- Сам здзіўляюся, але пакуль у асноўным хваляць і прапануюць кандыдатуры новых герояў. Хоць, безумоўна, заўжды хочацца зрабіць яшчэ лепш і прыдумаць нешта новае. Напрыклад, я цяпер напрыканцы праграмы спяваю - такім чынам і ўвагу ад госця не адцягваю, і выконваю просьбы часткі гледачоў, якія прапанавалі даць нарэшце слова і вядучаму. З часам, як мне бачыцца, праграму можна запісваць у студыі са слухачамі, каб яны маглі адразу жыва рэагаваць на песні, задаваць свае пытанні і г.д. Не страшна, што на расійскім тэлебачанні ў свой час была падобнага фармату перадача "У нашу гавань заходзілі караблі" - мы ж прапагандуем сваё, беларускае, таму зрабілі б па-іншаму. Хоць, зразумела, на гэта патрэбны сродкі, адпаведная пляцоўка і іншыя пэўныя ўмовы, што не ад нас залежаць. Галоўнае, каб усімі новаўвядзеннямі не збіць той самы далікатны настрой, атмасферу аўтарскай песні. Я ў гэтым сэнсе вельмі прыдзірлівы крытык, здараецца, абмяркоўваем са здымачнай групай, рэжысёрам і рэдактарам чарговыя выпускі - усё як быццам добра, але ўласныя недапрацоўкі я бачу і стараюся выправіць. Зрэшты, з цягам часу мне ў праграме стала цікава ўсё: ад кожнай дробязі атрымліваю задавальненне і надаю ёй увагу. Пэўна, я таксама "падсеў" на праграму (смяецца).

- У пераднавагоднім выпуску, памятаю, быў зроблены гэткі зборнік найлепшых песень па выніках галасавання гледачоў. А што далей - можа, запіс зборнага дыска альбо выязны фестываль?

- Мне б не хацелася праводзіць галасаванне для вызначэння найлепшых, бо пераможцы, пераможаныя - гэта не наша гісторыя. Але адзначыць найбольш упадабаныя гледачамі песні, магчыма, было б варта. Няблага было б паспрабаваць зладзіць канцэрты…

- Прычым не ў сталіцы, дзе публіка "перакормлена" разнастайнымі артыстамі, а ў правінцыі, дзе слухачы не спешчаны частымі канцэртамі. Ды хоць бы ў вашай роднай вёсцы Туча ў Клецкім раёне.

- Можа быць. Тое, што людзі пайшлі б з задавальненнем - гэта нават не пытанне, толькі прывязі артыстаў! Усё, як заўжды, упіраецца ў арганізацыю. Але мы сапраўды думаем над гэтым пытаннем. Прадзюсар нашай праграмы Алена Манькоўская прапанавала ідэю: праехаць з канцэртамі па абласных гарадах, каб у першым аддзяленні выступалі мясцовыя барды, у другім спяваў я. Вельмі хацелася б, каб гэта атрымалася.

- Пачатак, можна сказаць, пакладзены: гэтай зімой Белтэлерадыёкампанія зладзіла першы тэлевізійны фестываль бардаўскай песні "Свяча гарэла…". Ці атрымае ён працяг?

- Гэта было менавіта такое зімовае мерапрыемства, якое ініцыяваў, дарэчы, зноў жа старшыня тэлекампаніі Генадзь Давыдзька. Атрымалася не так, як бывае, "першы блін комам", а былі вельмі шчырыя, утульныя "пасядзелкі", гэткая аддушына. Я ўвогуле прыкмячаю, што апошнім часам такія некамерцыйныя, крыху забытыя рэчы - старыя песні, старыя фільмы - быццам набываюць другое жыццё і карыстаюцца павышанай папулярнасцю. Калі ўсё будзе добра, я ўжо ўяўляю, як гэта можна зрабіць наступнай зімой, каб засталося тое самае ўзнёслае і рамантычнае, нягучнае і сапраўднае, што сапраўды яднае розных людзей. Летам мы плануем правесці “Хіт-парад” аўтарскай песні - выбраць лепшыя з ужо запісаных і абвясціць галасаванне на сайце тэлеканала “Беларусь 3.

Вельмі асабістае

- Бард, незалежна ад таго, хто ён і пра што спявае, - гэта найперш чалавек з шасці- або сяміструннай гітарай. Ведаю, што ў вас сабралася цэлая калекцыя такіх інструментаў. Якая гітара самая любімая?

- Ну, не тое каб калекцыя - у мяне шэсць гітар. Самая любімая - чырвоная, яна, дарэчы, пастаянна стаіць у кадры "Подыху струн". Гэта мая самая сапраўдная, верная, баявая сяброўка - дзе толькі мы разам ні былі! На Байкале аднойчы яе разбілі ўшчэнт, потым літаральна сабралі па кавалачках… І дагэтуль, калі кудысьці трэба "на выезд", я бяру яе з сабой. У самай першай маёй гітары, якую набыў яшчэ ў студэнцкія гады, ёсць своеасаблівая "радзімая плямка": робячы ў ёй нейкі дробны рамонт, выпадкова прыклеіў птушынае пяро, і яно так прыгожа застыла… Аднойчы, калі ехаў з Масквы на перакладных дадому, заснуў у электрычцы і гітара мая з’ехала ў Пухавічы. Паехаў на канцавую, у дэпо - шукаць, заходжу да дзяжурнага, расказваю, што так і так, пакінуў у электрычцы гітару. "А як вы дакажаце, што гэта ваша?" - пытаецца строгі дзядзька. Я і кажу: "У яе ёсць асаблівая прыкмета - пёрка ў клеі". - "Глядзі ты, сапраўды… Ну, забірай". Цяпер яна стаіць у мамы, і часам спяваю для яе. Усе астатнія гітары захоўваюцца тут, у Мінску.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.