Забаўны "дзявочнiк" Жанэт

10.03.2007
"Звязда", 10 марта 2007 г.


Артыстка Маладзёжнага тэатра эстрады Жанэт вырашыла не чакаць ад прыроды мiласцяў, а ад мужчын - вымушаных вiншаванняў. Узяла ды склiкала чароўную палову беларускай эстрады - ад Ксюшы Сiтнiк, Сашы Салавейчык, Вольгi Сацюк да Палiны Смолавай, Алены Грышанавай, Ларысы Грыбалёвай - на дзявочнiк. Атрымалася адмысловая тэатралiзаваная канцэртная праграма з сюрпрызамi.
Пад выступленне кожнай артысткi прыдумвалася тэатралiзаваная пастаноўка. Так, сама Жанэт абрала вобраз амазонкi - i выехала на сцэну на канi. А калектыў юных зорачак "тры С" - Ксюшу Сiтнiк, Сашу Салавейчык i Олю Сацюк - вывезлi ў дзiцячых калясках i з соскамi! Спявачка Аня Шаркунова на некалькi iмгненняў завiсала ў паветры. I ўсё гэта - не толькi з любовi да мастацтва (заўважым, ганарару за працу ў святочны дзень зоркi не запатрабавалi), але i ў якасцi падарунка для шматдзетных мацi. Менавiта яны сталi самымi жаданымi гасцямi на канцэрце - спявачка ўручыла больш за 2000 бясплатных запрашальнiкаў мамам з усiх рэгiёнаў Беларусi. Гэта дабрачынная традыцыя зарадзiлася яшчэ летась i, паводле слоў Жанэт, "па меры магчымасцi будзе працягвацца". Напрыклад, у будучым плануецца вялiкi гастрольны тур па Беларусi - i ў кожным горадзе VIР-гасцямi, хутчэй за ўсё, стануць зноў жа шматдзетныя мацi. А вось канцэрту з удзелам шматдзетных "зорак" наўрад цi суджана адбыцца - мала хто з беларускiх артыстаў зможа пахвалiцца, як, напрыклад, Жанэт, што ў яго сям’i 8 дзяцей...
Што да "Дзявочнiка ў Жанэт", яго суарганiзатарам выступiў Першы канал - а значыць, хутка мы зможам убачыць тэлеверсiю шоу.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.