За здаровы "Лад" тэлебачання

22.10.2003
"Звязда", 22 кастрычніка 2003 г.


18 кастрычнiка спынiлася трансляцыя расiйскага тэлеканала "Культура", а на вызваленай частаце "запалiўся" агеньчык лагатыпа зусiм новага - i, што галоўнае, беларускага - агульнарэспублiканскага сямейнага канала "Лад".
"Адкрыццё новага тэлеканала - я лiчу, знакавая падзея не толькi для Белтэлерадыёкампанii, але i для рэспублiкi ў цэлым, - заўважыў на першай сваёй афiцыйнай прэс-канферэнцыi генеральны прадзюсар канала "Лад" Аляксандр СЕМЯРНЁЎ. - "Лад" пазiцыянiруецца як канал сямейны, i гэта не выпадкова. За мiнулы год пажаданнi тэлегледачоў, якiя мы пастаянна разглядаем i вывучаем, у асноўным сканцэнтравалiся на адной галiне - магчыма, гэта звязана з тым, што людзi стамiлiся ад даволi жорсткай iнфармацыi, якая iдзе на iншых каналах, магчыма, iснуюць яшчэ нейкiя аб’ектыўныя прычыны - i стала абсалютна вiдавочна, што на першы план выйшлi агульначалавечыя i сямейныя каштоўнасцi. Напэўна, гэтым жа тлумачыцца i тая велiзарная цiкавасць, якую грамадскасць апошнiм часам праяўляе да гiстарычных i культуралагiчных праграм". Словам, калi стала зразумела, што жадае бачыць аўдыторыя, тэлевiзiйнiкi пачалi рухацца ў канкрэтным зададзеным накiрунку i... вынiк увасобiўся менавiта ў "Ладзе".

Дарэчы, адключэнне канала "Культура" было ўспрынята ў краiне вельмi i вельмi неадназначна. Генеральнаму прадзюсару "Лада" таксама давялося выслухаць пытаннi наконт гэтага.
- Абсалютна натуральна, што, паколькi гэта канал iншай дзяржавы, на iм наша, беларуская культура амаль не прадстаўлена, - адрэагаваў на "калючыя" пытаннi Аляксандр Барысавiч. - Гэта першы пункт. Другi: напэўна, само па сабе нонсенс мець у краiне з 10-мiльённым насельнiцтвам адзiны нацыянальны тэлеканал. Белтэлерадыёкампанiя рэтрансляцыю расiйскiх каналаў аплачвае грашыма, якiя даюцца на развiццё нацыянальнага тэлебачання. Калi з’яўляецца альтэрнатыва: аплачваць чужое або развiваць сваё, якую пазiцыю могуць заняць дзяржаўныя дзеячы? Мне здаецца, гэта было адзiна правiльнае рашэнне. А аўдыторыя канала "Культура", дарэчы, нават паводле самых смелых падлiкаў, не перавышае трох працэнтаў! Так што зараз мы вырашаем дзяржаўную задачу развiцця i папулярызацыi нацыянальных беларускiх традыцый. Мiж iншым, супрацоўнiцтва з "Культурай" - як i з любым iншым расiйскiм тэлеканалам - Аляксандр Семярнёў не выключае.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.