Заўтра - фінал конкурсу песні дзіцячае "Еўрабачанне-2011"

02.12.2011
"Звязда", 2 снежня 2011 г.

 
3 снежня ў 21:30 на тэлеканалах "Беларусь-1" і спадарожнікавым канале "Беларусь-ТВ" пройдзе прамая трансляцыя дзявятага міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2011" з Ерэвана (Арменія).
Беларуска Лідзія Заблоцкая выступіць пад дзясятым нумарам. За дзень да фіналу "Звязда" дазванілася ў Ерэван і пагутарыла з выканаўчым прадзюсарам Белтэлерадыёкампаніі Людмілай Барадзіной, якая ўзначальвае беларускую дэлегацыю.
- Рэпетыцыі прайшлі вельмі ўдала. Аператарская праца прыемна парадавала: тэлекамера любіць нашу выканаўцу. У нумары мы нічога не мянялі, але ўнеслі пэўныя прапановы рэжысёрска-пастановачнай групе, каб яшчэ лепш падкарэктаваць карцінку ў кадры. Увогуле, заўваг не было, былі толькі пажаданні (усміхаецца. - Аўт.). Прыемна радуе вельмі цёплая і добразычлівая атмасфера на конкурсе. Нашы дзеці пасябравалі з канкурсантамі з Грузіі, Бельгіі, Расіі, Украіны, Галандыі.
Паводле слоў Людмілы Барадзіной, цікавай была і прапанаваная арганізатарамі культурная праграма. Удзельнікі "Дзіцячага Еўрабачання" наведалі музей старажытных рукапісаў.
Тым часам на прэс-канферэнцыі ў Ерэване дырэктар Дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне" Сітсэ Бакер зазначыў, што дзіцячае "Еўрабачанне" атрымае працяг.
- Мы хочам, каб гэты конкурс працягваўся. Для дзяцей гэта цудоўная магчымасць прадэманстраваць свой талент, тым больш што мы - дарослыя - верым у гэты талент.
У наступным годзе конкурс пройдзе ў Нідэрландах. Пра тое, у якім горадзе будзе арганізаваны конкурс, стане вядома пасля Новага года.
Для беларускіх гледачоў прамую трансляцыю з Ерэвана будзе каментаваць Дзяніс Кур'ян, балы ад Беларусі аб'явіць вучаніца 8-га класа Мінскай лінгвістычнай гімназіі-каледжа №24 Ганна Кавалёва.

Ілья ЛАПАТО.