За некалькі крокаў да "Еўрабачання"

22.11.2013
"Звязда", 22 лістапада 2013 г.


Менш чым праз тыдзень у Кіеве пачнецца міжнародны дзіцячы конкурс "Еўрабачанне 2013", на якім нашу краіну прадставіць 11 гадовы мінчанін Ілья Волкаў. Менавіта яго нумар "Спявай са мной" набраў найбольшую суму балаў ад гледачоў і прафесійнага журы.
Усяго ж у дзіцячым песенным конкурсе сёлета ўдзельнічаюць прадстаўнікі 12 краін, прычым палова з гэтага тузіну - постсавецкія. Таксама спецыяльнымі гасцямі Еўратыдня будуць дэлегацыі Грэцыі і Казахстана - краін, якія не бяруць удзел у конкурсе, але маюць жаданне пабываць на ім і прадставіць сваю музычную культуру.
Месцам правядзення дзіцячага "Еўрабачання 2013" абраны Нацыянальны палац мастацтваў "Украіна", а вядучымі шоу, нагадаем, стануць Цімур Мірашнічэнка і спявачка Злата Огневіч.
Наша дэлегацыя вылятае ва ўкраінскую сталіцу ўжо ў нядзелю вечарам, а з панядзелка юных артыстаў чакае напружаная праца: запіс відэа-візітовак і агульнай песні, рэпетыцыі, інтэрв'ю і г. д. Лёсаванне парадку выступленняў юных артыстаў адбудзецца 25 лістапада - тады і даведаемся, пад якім нумарам выйдзе на сцэну беларускі канкурсант. Пакуль жа, паводле слоў самога Ільі, перадконкурснага хвалявання ён практычна не адчувае. "Я сябе настройваю на тое, што ўсё будзе нармальна, што я добра выступлю, добра станцую", - прызнаўся юны артыст падчас анлайн-канферэнцыі, зладжанай на сайце Белтэлерадыёкампаніі.
У Кіеў беларуская дэлегацыя павязе традыцыйную для конкурсу прома-прадукцыю нашага ўдзельніка. У гэтым пакеце, паводле слоў выканаўчага прадзюсара тэлеканала "Беларусь 2" Людмілы Барадзіной, ёсць свая цікавінка. "Акрамя абавязковых элементаў прома, мы кожны раз стараемся зрабіць які-небудзь цікавы дадатак. Сёлета гэта тынейджарская палатняная эка-сумка з яркім прынтам у выглядзе магнітафона. Калі падлетак нясе яе на плячы, складваецца адчуванне, быццам гэта сапраўдны магнітафон". А ў маляўнічую папку-буклет змясцілі дыск з песняй, найлепшыя здымкі з адмысловай "фотасесіі ў стылі рок" і ўсю інфармацыю пра беларускага канкурсанта і яго інтэрнацыянальную каманду.
Фінальнае шоу дзіцячага конкурсу "Еўрабачанне 2013" адбудзецца ў Кіеве 30 лістапада пад дэвізам "Be creatіve". Прамую трансляцыю яго будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24".

Тым часам

Да завяршэння прыёму заявак дарослых артыстаў, якія жадаюць прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні-2014", засталося ўсяго некалькі дзён. Апошні тэрмін адпраўкі каштоўных бандэроляў - 24 лістапада.
Да 29 лістапада прафесійнае журы, удзел у якім пацвердзілі старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, народныя артысты Беларусі Васіль Раінчык і Аляксандр Ціхановіч, заслужаная артыстка Беларусі, удзельніца "Еўрабачання 2013" Алена Ланская, кіраўнік школы танца "ШТАМ" Аляксандр Мяжэнны, абярэ 15 шчасліўчыкаў, што трапяць адразу ў фінал нацыянальнага адбору. Канчаткова ж вызначыцца Беларусь са сваім удзельнікам у студзені 2014 года.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.