З "Рытмам кахання"

11.12.2012
"Рэспублiка", 11 декабря 2012 г.


Алёна Ланская прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні-2013".
Заслужаная артыстка Беларусі Алёна Ланская стала праможцай нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне - 2013". З кампазіцыяй "Rhythm Of Love" ("Рытм кахання") яна набрала максімальную колькасць балаў па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў (24) і атрымала права прадставіць нашу краіну на міжнародным песенным конкурсе, які пройдзе ў маі будучага года ў шведскім горадзе Мальмё.
У якасці ўзнагароды спявачцы ўручылі стылізаванае сэрца, вырабленае па спецыяльнаму заказу Белтэлерадыёкампаніі на шклозаводзе "Нёман".
- У нас ёсць таленавітыя людзі, і калі захацець, то можна зрабіць добры, годны нумар. І калі я прыйшла пасля выступлення ў грымёрку, адразу ўсіх падзякавала, - сказала пасля перамогі спявачка.
Аўтары конкурснай кампазіцыі "Rhythm Of Love" - Леанід Шырын, Юрый Вашчук (музыка) і Аляксей Шырын (тэкст). Песню запісвалі ў Лондане. У нумары Алёны Ланской задзейнічаны шоу-балет Trend Deluxe, удзельнікі якога здымаліся ў яе кліпе на песню "Адзінокія сэрцы".
Сёлетні ўдзел у нацыянальным адборы на "Еўрабачанне" - трэці па ліку для Алёны Ланской. Нагадаем: летась яна таксама была названа пераможцай. Але вакол вынікаў галасавання тады разгарэўся гучны скандал, спецяльна створанай камісіяй яны былі перагледжаны і прызнаны фальшывымі. Спявачцы давялося саступіць сваё права прадстаўляць нашу краіну ў Баку на "Еўрабачанні-2012" гурту Litesound.
Алёне Ланской 27 гадоў. Яна родам з Магілёва. Дыпламаваны эканаміст з вышэйшай адукацыяй, але музыкай займаецца з юных гадоў. Спявала ў школьным хоры, выступала сольна і ў складзе розных творчых калектываў. Мае шэраг лаўрэатскіх званняў рэспубліканскіх і міжнародных песенных конкурсаў, уладальніца Гран-пры конкурса выканаўцаў на "Славянскім базары ў Віцебску - 2011". Самая маладая ў краіне заслужаная артыстка, ганаровае званне атрымала ў 2011-м. З 2004 года - салістка прадзюсерскага цэнтра "Спамаш".
У рэпертуары Алёны Ланской сёння больш за 60 песень. Сёлета пад кіраўніцтвам вядомага прадзюсера Саймана Баса ў Англіі быў запісаны новы англамоўны альбом спявачкі. У яго ўвайшлі 14 кампазіцый, 11 з якіх стварылі спецыяльна для Алёны вядомыя еўрапейскія кампазітары з Вялікабрытаніі, Бельгіі, Швецыі. Аўтар яшчэ трох песень - вядомы беларускі кампазітар Леанід Шырын. Прычым для ўключэння ў альбом яны былі адабраны асабіста Сайманам Басам як роўныя па якасці еўрапейскім хітам. Работа над дыскам вялася ў Швецыі на студыі знакамітага Бэні Андэрсана, экс-вакаліста і клавішніка легендарнай групы ABBA.
Нагадаем, да ўдзелу ў сёлетнім нацыянальным адборачным туры на "Еўрабачанне-2013" прафесійным журы былі дапушчаны больш за 80 прэтэндэнтаў. У фінале спаборнічалі 10 выканаўцаў і музычных калектываў, у ліку якіх Макс Лорэнс, Аляксей Грос, Віталь Варанко, Яnkey, Дарыя, Сацура, Юзары, гурты Nuteki і Beaver Band. 

Ірына СВІРКО, "Р".