З песні слова не выкінеш

12.06.2012
"Звязда", 12 июня 2012 г.


З Купалам і Коласам нам пашчасціла. Краіне пашчасціла. Бо ў краіны павінны быць не толькі герб, гімн і сцяг. У краіны павінны быць постаці, аўтарытэт якіх - на вякі, непахісны, вымяраецца не рэйтынгамі зоркавай папулярнасці, не залежыць ад піяру ці раскруткі, не падуладны модзе і кан'юнктуры. Але па такіх аўтарытэтах - і тым, чым яны жылі, што зрабілі - можна суадносіць важкасць сваіх спраў. І ў гэтым таксама ёсць нейкі сімвалізм: у народа з'яўляюцца постаці, калі ён хоча ісці наперад і імкнецца асэнсаваць, за кошт чаго гэты рух можа быць дасягнуты. А тое, што імёны нашых Песняроў гучалі ўсё мінулае стагоддзе і гучаць зараз асабліва часта, сведчыць пра тое, што іх народ - жывы.
З Янкам Купалам і Якубам Коласам пашчасціла фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Бо колькі прыгожых песень мы маем дзякуючы менавіта іх словам! Песень, якія гучалі дзясяткі гадоў таму, гучалі на першых фестывалях - здавалася, гэтак жа ўрачыста, як гімн. Гучалі на розных канцэртах потым, у праграмах, прысвечаных ім. Гучаць зараз.
Фестываль, прысвечаны асобам, якія зрабілі вялізны ўнёсак у існаванне краіны Беларусь, прыцягнуў увагу першых асоб сучаснай беларускай дзяржавы.
Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч адзначыў:
- Краіна, нацыя мае моц, гонар і павагу дзякуючы не толькі развіццю гаспадаркі, але і высокай духоўнасці, нацыянальнай культуры, роднай мове, нашай спадчыне. У гэтым аснова нашай еднасці, нашай сілы. Кажучы словамі вялікага Якуба Коласа: "У гэтым мацнейшая аснова і жыцця першая ўмова".
Яго падтрымаў старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура:
- Паэтычнае слова гэтых людзей дагэтуль гучыць так пранікнёна і жыва, што адчуваеш іх прысутнасць сярод нас.
Пра іх прысутнасць - дзе яна, у чым, хто і калі да яе звяртаецца - і хацелася разважаць карэспандэнтам "Звязды" падчас фестывальных мерапрыемстваў.

1. Зорка, запаліся!
Добра, калі ёсць класікі, - прыклад тым, хто ўступае ў жыццё. І тым, хто марыць пра творчасць. Нездарма адной з галоўных падзей свята стаў конкурс маладых выканаўцаў. Юнакі і дзяўчаты з усіх абласцей Беларусі прынялі ўдзел у фінале і спявалі спачатку пад фанаграму "мінус адзін", а пасля, у другім аддзяленні, у суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
На жаль, цуда не адбылося, і Гран-пры вырашылі не прысуджаць. Бо вялікі прыз уручаецца толькі тады, калі відаць, што загараецца сапраўдная зорка, калі ліецца песня, з першых акордаў якой зразумела - гэта будзе хіт. Хоць агульны ўзровень выканаўцаў адзначылі як вышэйшы ў параўнанні з мінулым годам, але сапраўднага адкрыцця новай зоркі не адбылося. Маэстра Фінберг быў засмучаны з гэтай нагоды і прыгадаў, што нядаўна праходзіў адбор прэтэндэнтаў ад Беларусі на ўдзел у конкурсе "Славянскага базару ў Віцебску", і з васьмі ўдзельнікаў было складана некага вылучыць. А некалі конкурс маладых выканаўцаў у Маладзечне задумваўся як папярэднік конкурсу ў Віцебску, каб на ім выбіраўся прадстаўнік ад Беларусі для ўдзелу ў "Славянскім базары". Міхаіл Фінберг канстатаваў: "Мы ідзем у тупік нацыянальнай песні. Інстытут конкурсу ў нашай краіне і краінах былога СНД дрэнна працуе, таму што конкурсаў мала..."
Конкурсы выхоўваюць і загартоўваюць выканаўцаў. А што тычыцца маладзечанскага - ён яшчэ і прыцягвае ўвагу моладзі менавіта да беларускай песні. Канкурсанты выконвалі і новыя песні на беларускай мове, частку з якіх напісалі самі. Так, пераможца гэтага года Дар'я Шульгіна прэзентавала дзве новыя песні, адну з якіх напісала сама. Дзяўчына расказала:
- Мне прапанавалі напісаць песню на верш Янкі Купалы "Вясна". Гэта мая любімая пара года, вясной я нарадзілася, вясной прыгожа, усё распускаецца - можа, таму я адчувала песню, і яна атрымалася. Словы другой кампазіцыі, якую я выконвала, напісаў Дзмітрый Шчэрба, а на музыку паклаў кампазітар Алег Пухаў. Я вельмі люблю беларускую мову.
Дар'я Шульгіна - сёлетняя выпускніца школы № 20 Гродна. На наступны дзень пасля ўрачыстага ўзнагароджвання ў яе быў выпускны. Пераможца доўга вагалася - ехаць дадому святкаваць або застацца для атрымання дыплома. Але выпускны ў жыцці толькі адзін, а конкурсаў яшчэ будзе шмат.
Другую прэмію атрымалі Настасся Філіпава (Віцебская вобласць) і Аляксей Чорны (Магілёўская вобласць). Прэмію трэцяй ступені - Кацярына Ганчарова (Гродзенская вобласць) і Вячаслаў Гаршкоў (Гомельская вобласць). 

2. Паэзіі жыватворная крыніца?..
Магчыма, варта падумаць арганізатарам і пра магчымасць наладзіць конкурс для маладых паэтаў на Нацыянальным фестывалі песні і паэзіі. Тады фестываль атрымаў бы новыя імпульсы для развіцця і паэтычнай часткі. Помніцца, раней паэты выступалі на галоўнай сцэне Маладзечанскага фестывалю нароўні са спевакамі, і гэта ўражвала - вось яно, сапраўднае раўнапраўе нацыянальнай песні і паэзіі!
Сёлета ў паэтаў была свая праграма - паэтычныя чытанні доўжыліся ўвесь суботні дзень фестывалю. Віктар Шніп, Міхась Башлакоў, Мікола Шабовіч, Уладзімір Мазго... Маладое пакаленне прадстаўляла галоўны рэдактар газеты "Літаратура і Мастацтва" Таццяна Сівец. Дарэчы, выконваў "музычнае слова" Купалы і Коласа пад акампанемент гітары і супрацоўнік "Звязды" Дзмітрый Пятровіч.
Міхась Башлакоў выказаў думку, што дарма ў нас няма агульнацыянальнага свята паэзіі імя Янкі Купалы, таксама як і асобнага - імя Якуба Коласа. Напрыклад, у Расіі ёсць свята імя Аляксандра Пушкіна. На гэту тэму былі і яго паэтычныя радкі: "Наша спадчына - мова матчына - не памножана, а растрачана. І не ласкаю лёс пазначаны, крочыць з торбаю ён жабрачаю. І не роднай дачкой, а падчаркай - ногі босыя, слёзы-пацеркі"...
Асабліва цёпла паэтычныя чытанні прайшлі на радзіме Янкі Купалы, у Вязынцы. Гэтае месца сапраўды мае магічную сілу, з кім і з якой нагоды сюды не прыязджай - застанешся задаволены і зачараваны.
Хацелася зачаравання і ад сучаснай беларускай паэзіі: новых думак, моцных слоў. На паэтычных чытаннях усё круцілася вакол роднай мовы і класікаў, якім прысвечана свята. Але ж значнасць класікаў разумееш лепш, калі ёсць працяг іх традыцыі, і сучасныя паэты ўслед за імі размаўляюць з людзьмі пра тое, што для іх важна, што каштоўнае, што баліць пакаленням, якія ідуць далей.
Пра балючае можна яшчэ і праспяваць. Тым больш што на словы Купалы створаны маштабныя творы, нават рок-оперы. У Маладзечне была магчымасць паслухаць "Курган", рок-опера, якая некалі гучала па ўсім Савецкім Саюзе. Яна была створана 30 гадоў таму Уладзімірам Мулявіным на аснове кантаты Ігара Лучанка для сімфанічнага аркестра і салістаў. Кампазітар, народны артыст СССР Ігар Лучанок узгадваў: "Мы разам з Уладзімірам Мулявіным працавалі над гэтай рок-операй. Ставілі "Курган" у Маскве. Тады было нараджэнне рок-оперы, а сёння працяг яе жыцця. І галоўнае, што мы імкнуліся зрабіць, - каб яна была надоўга. Я вельмі рады, што ёсць ужо новыя выканаўцы. Падобная пастаноўка будзе ажыццяўляцца таксама і ў Маскве. Гэты твор не рынкавы. Ён драматычны, трагічны, гераічны. Галоўнае ўсё ж там - слова Янкі Купалы".
Музыка, створаная нашымі славутымі кампазітарамі, зачароўвала. Была і інтрыга: хто ўсё ж выконвае на сцэне ролю мужнага сівога дзеда? Публіка была ўражана, што выканаўцам аказаўся паэт Андрэй Скарынкін. Сама пастаноўка на сцэне Маладзечанскага амфітэатра выклікала ў публікі шмат пытанняў, якія ішлі ў кантэксце купалавага зместу: што значыць быць шчырым у творчасці? Што значыць сёння ўмець спяваць ад сэрца, каб не схулусіць? Ані ў словах, ані ў гуках... Асабліва цяпер, калі нашы музыкі маюць вялікую спакусу не спяваць сваім голасам, варта ўзгадваць тых, хто ўмеў спяваць, прабіваючы аж да мурашак па скуры...
 
3. Паэтычны гімн Беларусі
Міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі ўзгадаў, як гэты твор калісьці спявалі "Песняры":
- Я "фанацею" ад усяго, што рабілі "Песняры". У мяне нават у тэлефоне шмат іх музыкі. Рок-опера "Курган" - адзін з вельмі яркіх твораў, які зрабіў глыбокае ўражанне. Я бадай усё свядомае жыццё ў Беларусі пражыў і на памяць магу прачытаць паэму-легенду пра гусляра.
У Маладзечна міністр інфармацыі прыехаў з навінамі, якія тычацца непасрэднага працягу традыцый стаўлення да слова і да кнігі ў Беларусі. Наша краіна літаральна на днях прывезла Гран-пры з кніжнай выставы краін СНД у Астане. Дарэчы, галоўны прыз на гэтай выставе беларусы атрымліваюць другі год запар. А да яго сёлета яшчэ дадаліся і сем дыпломаў - узнагарод у нас болей, чым у любой іншай краіны.
Але з усіх кніжак, якія выходзяць у краіне, дагэтуль вельмі высокую цікавасць у чытачоў выклікаюць менавіта творы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Колькі кніжак іх ці пра іх не выдавай - усе будуць запатрабаванымі. Пра гэта паведаміў галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Віктар Шніп, які прадставіў маладзечанцам факсімільныя выданні: зборнік Янкі Купалы "Шляхам жыцця" і паэму Якуба Коласа "Сымон-музыка". Зборнік вершаў "Шляхам жыцця" пабачыў свет у 1913 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве "Загляне сонца і ў наша аконца". Наклад яго складаў 3000 асобнікаў. Гэты зборнік называюць паэтычным гімнам маладой Беларусі. Выданне паэмы Коласа "Сымон-музыка" таксама ўвайшло ў гісторыю. У прадмове гаворыцца, што другая рэдакцыя паэмы, падрыхтаваная да друку, была выкрадзена па дарозе з Кіславодска летам 1924 года. І ніякіх чарнавікоў у аўтара не засталося... Колас прыступае зноў да паэмы і да пачатку 1925 года з-пад яго пяра выходзіць "Сымон-музыка" ў трэцяй рэдакцыі. Менавіта яе мы і чытаем.
Але з усіх кніжак, якія выходзяць у краіне, дагэтуль вельмі высокую цікавасць у чытачоў выклікаюць менавіта творы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Колькі кніжак іх ці пра іх не выдавай - усе будуць запатрабаванымі. Пра гэта паведаміў галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Віктар Шніп, які прадставіў маладзечанцам факсімільныя выданні: зборнік Янкі Купалы "Шляхам жыцця" і паэму Якуба Коласа "Сымон-музыка". Зборнік вершаў "Шляхам жыцця" пабачыў свет у 1913 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве "Загляне сонца і ў наша аконца". Наклад яго складаў 3000 асобнікаў. Гэты зборнік называюць паэтычным гімнам маладой Беларусі. Выданне паэмы Коласа "Сымон-музыка" таксама ўвайшло ў гісторыю. У прадмове гаворыцца, што другая рэдакцыя паэмы, падрыхтаваная да друку, была выкрадзена па дарозе з Кіславодска летам 1924 года. І ніякіх чарнавікоў у аўтара не засталося... Колас прыступае зноў да паэмы і да пачатку 1925 года з-пад яго пяра выходзіць "Сымон-музыка" ў трэцяй рэдакцыі. Менавіта яе мы і чытаем.
- Гэта літаратура, з якой пачалося наша духоўнае адраджэнне, - адзначае Віктар Шніп. - Факсімільныя выданні ажыццявіліся дзякуючы сумесным праектам выдавецтва з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Але да юбілею класікаў беларускай літаратуры падрыхтаваны шэраг выданняў. Напрыклад, кнігі ў серыі "Жыццё знакамітых людзей". 

4. Музыка словаў
Успамінаць класікаў хацелася і падчас канцэрта, прысвечанага ім. Цікава, як бы яны самі ацанілі тыя песні, якія былі створаны на іх словы? Ці тыя, якія ствараюцца зараз? Цікава, бо ў іх паэтычных творах, нават калі іх чытаеш, адчуваецца мелодыка, а рыфмы, здаецца, самі просяць песні. І часам думаеш, што кампазітар пачуў тую мелодыю, якая існавала ў момант стварэння верша ў сэрцы паэта. Інакш як патлумачыць, што так арганічна ўспрымаюцца і адразу кладуцца на душу песні на словы Купалы і Коласа. Што ні песня - то асобны настрой. І пра іх ніколі не скажаш, што гэта песні на адзін дзень: кранаюць і дзядуляў з бабулямі, і мам з татамі, і іх дзяцей. Прычым, як вядомыя ўжо шлягеры, так і новыя творы. Насамрэч паэзія Песняроў пакідае і сучасным кампазітарам вялікую прастору для творчасці: не ўсе іх вершы яшчэ пакладзены на музыку.
Эдуард Зарыцкі - адзін з кампазітараў, які чэрпае натхненне менавіта ў класічнай беларускай паэзіі. У яго ўжо быў цыкл з 10 песень на словы Якуба Коласа. Але ў фестывальнай праграме, прысвечанай юбілею класікаў, прагучала некалькі прэм'ер - песень на словы Янкі Купалы і Якуба Коласа. І адна песня, прысвечаная ім, - "Дзе зоркі" на словы Васіля Жуковіча, якую праспявалі дуэтам маладыя прыгожыя хлопцы, пераможцы конкурсу ў Маладзечне: Дзмітрый Качароўскі і Аляксандр Салаўёў. Гэтая песня і дала назву галоўнай праграме фестывалю, падрыхтаванай Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі.
- Амаль усе мае песні - на беларускай мове, ёсць цэлыя цыклы на словы розных паэтаў: Коласа, Караткевіча, Багдановіча, ёсць песні на словы паэтаў, на вершы якіх не асабліва бяруцца пісаць песні - Багушэвіча, Чачота... У песенных цыклах я, напэўна, чэмпіён, - прызнаецца Эдуард Зарыцкі. - Мне гэта вельмі цікава, таму што ёсць магчымасць гэтым паэтам надаць сучаснае гучанне - праз выкананне аркестра. Я да нашых класічных паэтаў стаўлюся, як да сваіх аднагодкаў. Можа, таму ў нас атрымліваюцца сучасныя песні.
Праз сучасныя рытмы сапраўды можна выхоўваць любоў да беларускага слова. Вось бы сучасных песень з'яўлялася больш, ды каб яны не выглядалі асобнымі, амаль выставачна-музейнымі экзэмплярамі... А каб сапраўды "пайшлі ў народ", каб хацелася іх спяваць проста таму, што хочацца спяваць менавіта па-беларуску. Як міністру культуры Паўлу Латушку:
- Памятаю з дзяцінства: мае дзядулі, бабулі, бацькі, калі збіраліся на святы, заўсёды спявалі. Шчыра скажу: калі да мяне ў госці прыходзяць сябры і мы спяваем пад гітару, я, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі іРаd, знаходжу беларускую песню, якую мы пазней спяваем. За вечар можам заспяваць 20, 30, а то і 40 беларускіх песень. У большасці - беларускамоўныя. Я б хацеў, каб традыцыя, якая прыйшла ад нашых прадзедаў, сёння развівалася ў беларускіх дамах, кватэрах, хатах, і была перададзена нашым дзецям. І яны, калі стануць дарослымі, таксама будуць спяваць беларускія песні... Я перакананы, што Беларусь мае багатую песенную традыцыю, менавіта беларускамоўную, якая ідзе з глыбіні стагоддзяў і якая, дзякуй Богу, захавалася. На падставе гэтай традыцыі мы можам развіваць сучаснае песеннае слова і сучасную беларускую песню. Фестываль у Маладзечне з'яўляецца апафеозам гэтай працы. Зразумела, што гэтая праца павінна мець сістэмны характар, штодзённы. Міністэрства культуры стымулюе разнастайныя песенныя праекты, звязаныя з падтрымкай беларускага песеннага слова, беларускага песеннага мастацтва. Так, у мінулым годзе мы рэалізавалі праект "Залатая калекцыя беларускай песні", якім прадэманстравалі, што ў ХХ стагоддзі і на пачатку ХХІ было створана шмат цікавых шлягерных папулярных беларускамоўных песень. Гэты праект прадстаўлены ў Маладзечне на асобным канцэрце дзякуючы артыстам Маладзёжнага тэатра эстрады. Гэтым праектам мы хацелі паказаць усім кампазітарам і паэтам, што варта пісаць песні на беларускай мове! Зразумела, мы фінансуем і іншыя праекты: напрыклад арт-група "Беларусы" прадставіла праграму "Сусветныя хіты на беларускай мове". Падобныя праекты мы будзем падтрымліваць. Вельмі важна, каб гэтая праца праводзілася ў дамах культуры, у цэнтрах культуры, у клубах, у рэгіёнах, на вёсцы, асабліва з моладдзю, каб яна спявала беларускія песні, танцавала беларускія танцы, каб захоўвалася беларуская нацыянальная традыцыя.
Тое, што ўжо пачулі ў Маладзечне, можа паслухаць і ўся краіна. Белтэлерадыёкампанія пакажа асноўныя канцэрты 15 і 16 чэрвеня ў вечаровым эфіры. Ды што казаць - бадай што ў начным. Можа, гэта якраз і заінтрыгуе моладзь? А астатнім дадасць упартасці ў жаданні дачакацца беларускага слова ў начным тэлеэфіры.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, Ларыса ЦІМОШЫК.