З першых вуснаў

29.10.2002
"Звязда", 29 кастрычніка 2002 г.


Ці стаў удалым новы тэлевізійны сезон для Першага нацыянальнага тэлеканала? Калі БТ створыць сваю карэспандэнцкую сетку за мяжой? Ці можна сёння гаварыць аб канкурэнцыі паміж беларускімі тэлеканаламі? Як будзе развівацца сітуацыя з абмежаваннем вяшчання расійскіх СМІ ў нашай краіне? Аб усім гэтым карэспандэнт "Звязды" гутарыць са старшынёй Белтэлерадыёкампаніі Ягорам РЫБАКОВЫМ.

- Месяц таму тэлеканал пачаў новы тэлесезон з новымі праграмамі. Ці задаволены вы тым, што атрымалася? Ці ўдалося ажыццявіць тое, што планавалася?

- Лічу, што ў большасці сваёй задуманае ўдалося ажыццявіць. Скажу шчыра, я нават не чакаў, што некаторыя моманты атрымаюцца так добра, удала. Я задаволены.

- Якія новыя праекты гледачы яшчэ змогуць пабачыць у бліжэйшай будучыні на тэлеканале?

- Мы ўжо сур'ёзна рыхтуем навагоднюю праграму. Таксама БТ мае намер напрыканцы снежня трансліраваць конкурс "Міс свету" ў прамым эфіры. У гэтым конкурсе бяре ўдзел і беларуска. Такая трансляцыя будзе ўпершыню. Кантракт аб трансляцыі зараз знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі.

- Як вы ацэньваеце сённяшні ўзровень інфармацыйнага вяшчання тэлеканала? Якія, ма ваш погляд, яго слабыя і моцныя бакі?

- Слабыя бакі інфармацыйнага вяшчання закладзены не столькі ў журналістах, колькі, мабыць, у людзях, з якімі мы працуем. Мы ўсе прызвычаіліся глядзець праграмы навін расійскіх каналаў, дзе ацэнкі даюць палітыкі, прадстаўнікі партый. У нас практычна няма людзей гэткага ўзроўню, людзей, якія б адпаведна ўспрымаліся грамадствам. Таму, мабыць і сумная палітра палітычная. Ды і, на шчасце, у нас, як у Расіі, няма выбухаў, няма Чачні... Таму навіны набываюць будзённы, спакойны характар.

- У наступным годзе будуць праходзіць выбары ў мясцовыя Саветы. Ці плануецца ў сувязі з гэтым павялічыць колькасць інфармацыйна-аналітычных праграм?

- Аб гэтым яшчэ рана гаварыць. Але тут мы будзем дзейнічаць у рамках, акрэсленых Цэнтрвыбаркамам. Цэнтральная выбарчая камісія выдасць пастанову, у якой будзе агавораны фармат удзелу тэлерадыёкампаніі ў мясцовых выбарах. I мы дакладна будзем гэтую пастанову выконваць.

- Як вы ацэньваеце канкурэнцыю, якая складваецца паміж трыма беларускімі тэлеканаламі - БТ, АНТ і СТБ?

- Я не сцвярджаў бы, што сёння існуе канкурэнцыя. Сёння нельга гаварыць пра канкурэнцыю, калі АНТ мае некалькі выпускаў сваіх навін і прадукт ГРТ, які, канешне, значна больш канкурэнтаздольны. Але калі АНТ створыць свой асабісты прадукт, тады можна будзе гаварыць, чый прадукт лепшы, а чый горшы. Што датычыцца ўзроўню навін на БТ і БТ-2, то двума тэлеканаламі выбраны розныя фарматы навін. У нас больш афіцыйны фармат, як і мае быць у Першага нацыянальнага тэлеканала. У іх іншы фармат. У іх "гарачая лінія", яны больш скіраваныя на праблемы канкрэтнага чалавека. Сёння, я лічу, выпускі навін двух каналаў дапаўняюць адзін аднаго. І тут цяжка сказаць, што ёсць нейкая жорсткая канкурэнцыя.
Што датычыцца СТБ, то там выкарыстоўваецца прадукт RЕN-Т\/. I рэйтынг гэтага прадукту, канешне, вышэйшы, чым нашага. Гэта звязана з фінансамі. Я нядаўна вярнуўся з камандзіроўкі ў Каны, дзе расійскія тэлеканалы набываюць фільмы, кошт якіх даходзіць да 150 тыс. долараў за прэм'ерны паказ. Гэта кошт толькі аднаго фільма...
Таму сёння цяжка гаварыць пра канкурэнцыю. Бо няроўныя вагавыя катэгорыі. Калі сёння даць магчымасць БТ выходзіць на РТР у фармаце, у якім выходзіць БТ-2, - тады давайце спаборнічаць.

- Як вы ставіцеся да пераходу на АНТ некаторых журналістаў з вашага канала?

- Гэта нармальны працэс. I наогул, мне здаецца, гэтай тэме мы надаём вельмі вялікае значэнне. Беларускае тэлебачанне не прападзе. Паверце, калі Рыбакова не будзе, яно не прападзе. Прыйдзе іншы чалавек. Да нас яно было, і пасля нас яно будзе.

- Як у бліжэйшы час будзе развівацца сітуацыя з абмежаваннем вяшчання расійскіх тэлеканалаў у Беларусі?

- Сітуацыя застанецца ў такіх жа рамках. Ва ўсякім разе, да канца года. Бо дадатковае фінансаванне пакуль яшчэ не выдзелена.

- Яшчэ больш абмяжоўваць вяшчанне расійскіх электронных СМІ не плануецца?

- Яшчэ больш абмяжоўваць пакуль не плануецца. Пакуль застанецца летні варыянт.

- Разам з абмежаваннем начнога вяшчання тэлеканалаў НТБ і РТР пачало начное вяшчанне БТ. Атрымалася, што абмежаванне стала выгадным для вас?

- Напэўна, так, Але ў прынцыпе гэта нармапьная з'ява. Мы павінны ў рэшце рэшт зразумець, што трэба абараняць айчыннага тэлевытворцу, айчынную тэлеіндустрыю. Напрыклад, ва Украіне даўно адышлі ад трансляцыі расійскіх каналаў. Мы павінны ў нашай краіне паказваць нацыянальнае тэлебачанне. Першы, другі, трэці тэлеканал... Мабыць, будзе і чацвёрты. I не павінна быць інфармацыйнай экспансіі расійскіх тэлеканалаў.

- Карэспандэнцкая сетка БТ за мяжой сёння не развітая. Ці плануецца ў бліжэйшай будучыні неяк выпраўляць гэтую сітуацыю?

- Гэта даволі дорага. Па вялікаму рахунку, мець карэспандэнцкую сетку дазваляюць сабе вельмі багатыя тэлеканалы. Напрыклад, расійскія каналы ГРТ, РТР. Для такіх небагатых каналаў, як наш, існуе сетка інфармацыйных агенцтваў. Мы сёння атрымліваем матэрыялы па відэаабмену з Еўрапейскім вяшчальным саюзам, мы здольныя на законнай аснове паказваць "карцінку" міжнародных падзей. Канешне, мець карэспандэнцкую сетку хочацца. Але гэта, паўтаруся, вельмі дорага.

Сяргей КУЗНЯЦОЎ.