З імбрычкам на зэдліку

24.10.2014
"Звязда", 24 кастрычніка 2014 г.

 
Штотыдзень у эфіры тэлеканала "Беларусь 3" - гульня "Размаўляем па-беларуску". Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт http://tvrgomel.by або http://3belarus.by і праз банер "Размаўляем па-беларуску" запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Папярэдне ж праверыць сваё веданне роднай мовы можна з дапамогай "Звязды". Ці ведалі вы, што:

- Зэдлік - невялікая лаўка, услончык.

- Імбрычак - чайнік для заваркі чаю. Імбрычкам нельга назваць той чайнік, у якім закіпае вада на пліце. Імбрычак - менавіта заварнік.

- Дыярыуш - жанр прозы ў старажытнай беларускай літаратуры. У XVІІ- XVІІІ стагоддзях дыярыушамі называліся аўтабіяграфічныя нататкі, сямейныя паданні, дзённікі падарожжаў і ваенных паходаў, мемуары.

- Скавыш - моцны, пранізлівы вецер з завываннем. Утварыцца слова магло ад шматзначнага дзеяслова скавытаць - жаласна павіскваць, ціха выць.

- Выспа - невялікі востраў, часцей пясчаны. Паходзіць ад старабеларускага "выспа", што, у сваю чаргу, з'яўляецца даўнім запазычаннем з польскай мовы.

- Седала - жэрдкі ў куратніку, на якія куры садзяцца ноччу.

- Як пятае кола ў возе - зусім не патрэбны, "збоку прыпёку". (Рускі аналаг - "как собаке пятая нога"). У гэтай фразе вобраз пабудаваны на сумяшчэнні несумяшчальных паняццяў: воз і пятае кола. Дарэчы, такі фразеалагізм бытуе шмат у якіх мовах: у польскай, рускай, французскай.

- Ні бэ ні мя - зусім нічога не разумець, не разбірацца ў чымсьці ("ни в зуб ногой", "ні бельмеса", "ні а, ні бэ"). "Ні бэ ні мя" - крылаты выраз з байкі К. Крапівы "Дыпламаваны баран", мараль якой: "Другі Баран ні "бэ" ні "мя", а любіць гучнае імя". У байцы выраз выступае як варыянт агульнанароднага і агульнавядомага "ні бэ ні мэ ні кукарэку".

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры "Беларусь 3" кожную суботу ў 11.10-11.25.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.