З "ЛАДам" - па гарадах свету

11.11.2005
"Звязда" (дадатак - газета "Чырвоная змена"), 11 лістапада 2005 г.


У нядзелю на тэлеканале "Лад" пачнецца паказ лiцэнзiйнага дакументальна-пазнавальнага серыяла "Гарады свету". Першы фiльм прысвечаны Эдынбургу (Шатландыя).
Увогуле, усе гарады, якiя сталi "героямi" серыяла, аб’ядноўвае унiкальнасць - цi ў плане помнiкаў старажытных цывiлiзацый, цi ў сэнсе цудаў сучасных тэхналогiй.
Тэлепадарожнiкам аўтары прапануюць надзвычай доўгi i няпросты маршрут: ад Лос-Анджэлеса да Лондана, Каiра, Катманду. Аднак гэта будуць не звычайныя турысцкiя ўражаннi i не музейныя экскурсii, а паэтычныя аповяды аб традыцыях i легендах, рэлiквiях i таямнiцах, архiтэктурных помнiках i знакамiтых жыхарах гэтых гарадоў.
Гледачоў на працягу серыяла "запросяць" у лепшыя рэстараны i дзiўныя начныя клубы, на знакамiтыя кiрмашы i патаемныя свяцiлiшчы свету. Пры гэтым якасць здымак абяцае заставацца нязменна высокай, а аповяд - захапляючым. Словам, смуткуючым па "Клубу кiнападарожнiкаў" прысвячаецца...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.