З "Купайлiцай", "Аўрорай" i запарожцамi

11.07.2007
"Звязда", 11 ліпеня 2007 г.


10 лiпеня ўвайшло ў летапiс сёлетняга "Славянскага базару" не проста як тэматычны дзень, а як сапраўдны трыумф Украiны. Да вялiкага гала-канцэрта майстроў мастацтваў "Купайлiца" дабавiлiся два кiнапаказы - "Запарожац за Дунаем" Мiкалая Засеева-Рудэнкi i "Аўрора" Аксаны Байрак (апошняя карцiна ўпершыню за многа гадоў была дапушчана да ўдзелу ў намiнацыях "Оскар" - нягледзячы на спазненне з заяўкай на 3 тыднi; праўда, узнагарод усё адно не ўзяла). Але галоўнай нагодай для гонару i радасцi ўкраiнская дэлегацыя справядлiва лiчыла конкурснае выступленне 17-гадовай спявачкi Наталлi Краснянскай, якая па вынiках двух дзён набрала 158 балаў i прынесла Украiне перамогу.
"Было вельмi цяжка заснуць, увогуле гэтыя два днi я вельмi хвалявалася, хадзiла сама не свая, - расказала Наташа. - Тое, што ў мяне найбольшая сума балаў, стала вялiкай нечаканасцю, я не спадзявалася на такi зыход, але вынiку вельмi рада - перамога ўжо ў нас, не важна, будзе гэта гран-пры або першае месца, як суддзi скажуць". Дарэчы, маладая артыстка прыгадала, што жараб’ёўка канкурсантаў адбывалася ў "шчаслiвы дзень" 07.07.07, дый нумар ёй таксама выпаў сёмы. Як тут не паверыць ва ўдачу?
Што да конкурсу ўвогуле, то, як адзначыў член журы, народны артыст Украiны, рэктар Данецкай музычнай акадэмii Вячаслаў Ваяводзiн, "усё праходзiць адкрыта i празрыста, падабралася вельмi кампетэнтнае журы, у нас не было спрэчак, якiя ацэнкi выстаўляць i нават не было магчымасцi параiцца i "падыграць" камусьцi. Усе засталiся задаволеныя вынiкамi". Тое, што выканаўцы з кансерваторскай адукацыяй (сёлета гэта, скажам, Мерунас з Лiтвы i Вiталь Мачунскi з Малдовы) традыцыйна атрымлiваюць даволi нiзкiя балы, украiнскi кампазiтар патлумачыў фарматам самога конкурсу: памiж оперным выкананнем i эстраднай песняй заўважная рознiца, а ў Вiцебску - менавiта конкурс эстраднай песнi, i патрабаваннi на iм да ўсiх аднолькавыя.
У гала-канцэрце, якi ўкраiнскiя пастаноўшчыкi стылiзавалi пад Купальскае свята, вiцябчанам i гасцям фестывалю была прапанавана праграма сапраўды на ўсе густы: ад народных артыстаў кшталту Мiкалая Гнацюка, Мiкалая Мазгавога, Валянцiны Сцепавай, Наталлi Бучынскай, заслужаных артыстаў Iрыны Бiлык, Дзмiтрыя Клiмашэнкi, Юрыя Фёдарава - да зусiм маладых выканаўцаў Мiкi Ньютан, Iрыны Шынкарук, Маi Мiгаль, гуртоў "Авiятар" i "SMS". А фальклорны ансамбль "Кобза", напрыклад, выступiў... дуэтам з Анатолем Ярмоленкам - дакладней, салiст ансамбля Дзмiтрый Лiтвiнец праспяваў разам з салiстам "Сяброў" песню "Рiдна мати моя".
Дарэчы, як расказалi прадстаўнiкi ўкраiнскага нацыянальнага тэлебачання, трансляцыi падзей "Славянскага базару ў Вiцебску" па рэйтынгу ў iх даганяюць канцэрты "Еўрабачання", а з улiкам перамогi ўкраiнскай артысткi, напэўна, могуць i абагнаць iх. У адрозненне ад расiйскiх калег, якiя зрабiлi пэўную "цэнзуру" (тэлеканал "Расiя" выразаў з трансляцыi канцэрта адкрыцця выступленне Веркi Сярдзючкi), украiнскае тэлебачанне пакажа фестываль па максiмуму: так, адкрыццё i закрыццё "Славянскага базару ў Вiцебску", Днi культуры Расii, Украiны i Беларусi, конкурс маладых выканаўцаў транслююцца ў прамым эфiры, а канцэрты зорак "Еўрабачання" i "Танцуй да ранiцы" будуць прапанаваны ўкраiнскiм тэлегледачам крыху пазней. "Мы дэмакратычная дзяржава, нiкога i нiчога з эфiру не выразаем", - падкрэслiлi прадстаўнiкi дэлегацыi Украiны.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.