З кiно, канцэртам i салютам

30.06.2007
"Звязда", 30 чэрвеня 2007 г.


Беларусь адзначыць Дзень Незалежнасцi 3 лiпеня, але святочны тэлеэфiр стартуе раней - ужо з першага чысла - i будзе насычаны прамымi трансляцыямi мерапрыемстваў, спецыяльнымi праграмамi, канцэртамi i фiльмамi.
1 лiпеня Першы канал пакажа тэлеверсiю сольнага канцэрта Аляксея Хлястова "Таму што я кахаю".
2 лiпеня ў эфiры Першага - канцэртная праграма "Далёкiя i блiзкiя 80-я", творчы вечар кампазiтара Кiма Брэйтбурга "Мiнскi бенефiс", канцэрт заслужанага артыста Беларусi Якава Навуменкi "Залатыя песнi", канцэрт удзельнiкаў "Еўрабачання" "Беларусь - 12 балаў". Увечары Першы i спадарожнiкавы канал "Беларусь-ТБ" будуць трансляваць урачысты сход i святочны канцэрт, прысвечаны Дню Незалежнасцi. Таксама 2 i 3 лiпеня будзе паказана адна з найбольш гучных кiнапрэм’ер года - вострасюжэтны серыял "Маёр Ветраў" паводле твораў Мiкалая Чаргiнца. У вячэрнiм эфiры "ЛАДу" - канцэрт "Шэдэўры сусветнага мастацтва ля сцен старажытнай Сафii", а на наступны дзень - канцэрт у дзвюх частках "Ты ў сэрцы маiм, Беларусь".
3 лiпеня па традыцыi Першы, "ЛАД" i "Беларусь-ТБ" у прамым эфiры транслююць ваенны парад i тэатралiзаванае спартыўна-маладзёжнае шэсце. Канцэртная тэлепраграма таксама вельмi насычаная: гэта i выступленне спявачкi Алесi "Разам са сваёй краiнай", i выступленне ў Палацы Рэспублiкi народнага артыста СССР Iосiфа Кабзона, i канцэрт з удзелам беларускiх i iтальянскiх выканаўцаў "Сустрэча сяброў", i заключны гала-канцэрт рэспублiканскай акцыi "За незалежную Беларусь!". Апошнi канцэрт, гэтаксама як акцыю "Спяём Гiмн разам" i святочны салют, гледачы ўбачаць у прамым эфiры.
Спецыяльна да Дня Незалежнасцi Белтэлерадыёкампанiя падрыхтавала дакументальны фiльм "О Беларусь, мая шыпшына..." - аповед пра дасягненнi незалежнай краiны на сучасным этапе i перагортванне старонак гiсторыi дзяржавы. Фiльм будзе паказаны на канале "ЛАД".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.