З Калдуна зробяць цукерку

21.03.2007
"Звязда", 21 сакавіка 2007 г.


I нават не адну. У дадатак да традыцыйнага прома-пакета (фота, вiдэа, музычныя i тэкставыя матэрыялы) беларуская дэлегацыя прадставiць у Хельсiнкi сувенiрны харчовы набор: двухпавярховую каробку цукерак "Сундук Калдуна" i алкагольныя напоi - бальзам i настойку на травах - з сiмволiкай "Еўрабачання" i выявай беларускага канкурсанта. Чакаецца, што ласункi "ад Калдуна", вырабленыя пры дапамозе кандытарскай фабрыкi "Камунарка" i вытворцы настойкi "Белавежская", будуць гатовыя да сярэдзiны красавiка. Прэзентаваць жа iх плануецца на беларускай вечарынцы ў Еўраклубе, якая, цалкам магчыма, будзе сумеснай - беларуска-расiйскай. Ва ўсякiм разе, гэтае пытанне зараз абмяркоўваецца з прадстаўнiком расiйскага Першага канала Юрыем Аксютам.
Што ж датычыцца творчых пытанняў, то, паводле слоў намеснiка старшынi БТРК Юрыя Азаронка, у Еўрапейскага вяшчальнага саюза няма прэтэнзiй да беларускай песнi i клiпа, "так што ўсе сенсацыi, якiя гуляюць па беларускiх СМI, можна лiчыць вычарпанымi". Наш канкурсант зараз шчыльна рэпецiруе нумар - яго пастаноўка ў Хельсiнкi будзе карэнным чынам адрознiвацца ад таго, што было прадстаўлена ў прома-туры. Фiлiп Кiркораў прывёз з Масквы нейкую "магiчную канструкцыю" ў стылi Дэвiда Коперфiльда - магчыма, яна таксама будзе суправаджаць выступленне Калдуна на фiнскай сцэне. Дарэчы, нават зала ў Хельсiнкi, разлiчаная на 9200 гледачоў, як быццам спецыяльна стылiзавана пад "чараўнiцтва" - яна iмiтуе падзямелле. Аднак радавацца рана, сцвярджае кiраўнiк праекта "ЕўраФэст" Аляксандр Цiхановiч: "З кожным годам Беларусь выступае ўсё лепш. Аднак гэта ўсё ж конкурс, i конкурс адказны, i не трэба папярэдняга шапказакiдальнiцкага настрою, я вас вельмi прашу".
У фiнскую сталiцу прадстаўнiкi Беларусi - не больш як 25 чалавек у дэлегацыi, уключаючы артыстаў - прыбудуць 2 мая. А ўжо на наступны дзень адбудзецца першая рэпетыцыя. 9 i 12 мая пройдуць генеральныя рэпетыцыi паўфiналу i фiналу адпаведна. Цi акажацца чацвёрты парадкавы нумар шчаслiвым для Беларусi - пакажа глядацкае галасаванне, у якiм бяруць удзел усе 42 краiны - удзельнiцы конкурсу. Дарэчы, сёлета, акрамя глядацкага, упершыню адбудзецца прафесiйнае галасаванне кампазiтараў - па яго вынiках нават будзе ўручаны асобны прыз. Але пераможцу "Еўрабачання-2007" усё адно вызначаць гледачы. Для трыумфатара за кошт ЕВС, таксама ўпершыню ў практыцы конкурсу, прадугледжаны прома-тур па Еўропе - яго гатовы прыняць каля 10 краiн, у тым лiку ўся "вялiкая чацвёрка". А далей пачнецца падрыхтоўка да наступнага, 53-га па лiку "Еўрабачання". Ужо вядомыя арыенцiровачныя тэрмiны яго правядзення - 22-24 мая 2008 года.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.